УЧЫНАК ДЗЕЛЯ ІДЭІ
13 траўня 2007 г. Італьянская газэта “La Repubblica” паведамляе з Пекіну. 35-гадовы Гу Хаю кінуў пляшку з “кактэйлям Молатава” у гіганцкі партрэт Мао дзэ-Дуна, які вісіць на плошчы Цян ань-мэнь. Партрэт загарэўся. Мужнага чалавека арыштавалі. Цяпер будзе суд. У траўні 1989 г. малады Ю Донкэ зрабіў з партрэтам Мао тое ж самае. Толькі нядаўна ён выйшаў з турмы пасьля 16 гадоў зьняволеньня. Журналісты мяркуюць, што цяперашні падпальшчык Мао адзначыў такім чынам 18-я ўгодкі пачатку студэнцкіх антыкамуністычных пратэстаў на плошчы Цянь ань-мэнь, якія пазьней былі крывава стлумлены ўладамі (больш за тысячу забітых студэнтаў).
Наш камэнтар: Крывавы дыктатар Мао памёр яшчэ ў 1976 годзе, але дагэтуль дыктатарская ўлада ягоных спадчыньнікаў прымушае народ пакланяцца выявам гэтага монстра. Тое ж мы бачым па ўсёй Беларусі, дзе расейскі “Мао” — Ленін (а таксама ягоныя жудасныя паплечнікі) растыжараваны ў бронзе і бэтоне. Сёньняшняя антынародная дыктатура заўсёды абапіраецца на гнюсную спадчыну мінуўшчыны.
Янка Базыль