ТРАВЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

13 травеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Толькі наперад” (публікуецца). Выступіў таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Ён паведаміў пра сур’ёзныя эканамічныя праблемы рэжыму, які любымі спосабамі спрабуе ліквідаваць дэфіцыт бюджэту. Менавіта з гэтым зьвязана шырокая антынародная кампанія па пазбаўленьню пажылых людзей, інвалідаў, студэнтаў і дзяцей ільготаў і даплатаў. Рэжыму спатрэбіліся гэтыя сродкі для самавыратаваньня. Пра непазьбежнасьць гэтых антынародных дзеяньняў патрыёты папярэджвалі беларусаў ужо даўно. Да лягічнага тупіковага канца прыходзіць шалёная палітыка арыентацыі беларускай эканомікі не на цывілізаваны сьвет, а на імпэрскую Расею.

У самой Расеі разгортваецца кампанія, мэтай якой зьяўляецца трэці (незаконны) прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна. Менавіта па гэтай прычыне Расея распачала канфлікт з нагоды дэмантажу савецкага помніка ў Эстоніі. Пагромы, наладжаныя ў Эстоніі расейцамі, агрэсіўныя выступы вышэйшых прадстаўнікоў Масквы, антыэўрапейскія і антыамэрыканскія заявы Крамля і расейскіх генэралаў — усё гэта сьведчыць пра мэтанакіраванае абвастрэньне міжнароднай сітуацыі. Крэмль шукае ворагаў, якімі ён палохае свой народ і прымушаее расейскае грамадзтва забыцца на ўнутраныя сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Адкрытая мяжа з такой агрэсіўнай краінай — пэрманэнтная небясьпека для беларускага народу. Патрыёты павінны тлумачыць беларусам неабходнасьць умацаваньня Народнай Салідарнасьці дзеля абароны ад гэтай дзікасьці. Беларуская мова, наша культура, наша зямля і дзяржава — гэта база для нармальнага разьвіцьця нашага народу і краіны. Асіміляцыя (русіфікацыя) беларусаў, якую актыўна праводзіць прамаскоўскі рэжым па загаду з Масквы — гэта тое зло і зьнішчэньне, якому павінны салідарна супрацьпаставіцца беларусы.

Выступіў сакратар Управы Фронту і Партыі Валеры Буйвал. Ён гаварыў аб важнай ролі Беларусі ў Цэнтральнай Эўропе. На саміце ў Кракаве кіраўнікі шэрагу постсавецкіх незалежных краінаў паспрабавалі дамовіцца аб энэргазабесьпячэньні Эўропы энэрганосьбітамі ў абыход тэрыторыі Расеі. Іхная спроба сустрэла супраціў Масквы, якая прымусіла Казахстан і Туркмэнію не далучацца да гэтага праекту. Адной з галоўных прычынаў няўдачы незалежных краінаў зьяўляецца іхная неадэкватная пазыцыя ў адносінах да Беларусі — не да рэжыма, а менавіта да нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі, да патрыётаў. Ваяжы ў Варшаву, Вільню, Кіеў кіраўнікоў падстаўной прамаскоўскай псэўдаапазыцыі — гэта быў фальшывы манэўр антыбеларускіх імпэрскіх сілаў, імітацыя антыімпэрскай барацьбы. Дэклярацыі падтрымкі, зробленыя некаторымі палітыкамі незалежных краінаў Цэнтральнай Эўропы палітычным пустышкам і намэнклятурным стаўленьнікам кшталту Мілінкевіча, Лебедько, Вячоркі, Калякіна, дэзарыентавалі палітычныя колы і грамадзтвы суседніх зь Беларусяй дэмакратычных дзяржаваў. У выніку прарасейскі рэжым на тэрыторыі Беларусі захаваўся і прадстаўляе сабой пляцдарм расейскай агрэсіўнай антыэўрапейскай палітыкі. Аказалася, што без дэмакратычнай Беларусі немагчыма супрацьстаяць маскоўскаму імпэрыялізму — незавершаная канструкцыя распадаецца.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра шалёную кампанію русіфікацыі, якую праводзіць рэжым па ўсёй краіне. Неабходна папярэджваць чынавенства аб адказнасьці за антыбеларускую палітыку асіміляцыі беларускага народу, якая фактычна накіравана на канчатковае зьнішчэньне нашай мовы і культуры. Маладыя сем’і павінны дамагацца стварэньня беларускамоўных садкоў і школаў, каб новае пакаленьне нашых дзяцей не стала рабамі расейскай імпэрыі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 траўня 2007 г.