АДМЯНІЛІ ЛЬГОТЫ СТАРЫМ І ІНВАЛІДАМ

Пасьля першамайскіх сьвятаў пажылыя жыхары Беларусі і інваліды пайшлі ў паліклінікі і аптэкі па лекі. Аказалася, што рэжым (за які столькі разоў яны галасавалі і якім бясконца захапляліся) адмяніў ільготы. Цяпер гэтым людзям трэба купляць лекі (часам вельмі дарагія) за свае грошы. Пазбаўлены ільготаў дзеці-інваліды і інваліды Чарнобыля. Для абсалютнай большасьці гэта азначае поўную галечу, пэнсіі ўжо ня будзе хапаць нават на хлеб. Такім чынам зьдзейсьнілася пагроза, агучаная “жалезнай дамай” антыбеларускага рэжыму Н. Пяткевіч — “Отменить все льготы!”

Зразумела, што цемра асаднікаў-адстаўнікоў, якая атабарылася на нашай зямлі, уся гэбоўская і паліцэйская адстаўная публіка не адчуе на сваёй скуры эфэкту ад чаргоавай “сацыяльнай рэформы” лукашыстаў. Ім ніхто ільготы і пэнсіі не скарачаў і не адмяняў. Яны ходзяць у амплуа апірышча прарасейскага рэжыму і “пятай калёны”, заўсёды гатовай ударыць нашаму народу ў плечы. На фоне цынічнага абрабаваньня народу рэжым ўсяроўна трубіць пра пабудову чарговых “зімовых палацаў” і іншыя ідыёцкія праекты. Можа бабулькам і інвалідам можна будзе бясплатна катацца на каньках і гуляць у хакей? У выходныя дні выявіўся яшчэ раз кантраст двух пакаленьняў. У зонах адпачынку маладзёвыя кампаніі (ведаючы пра “рэформу”) гукалі групкам бабулек, што грэліся на сонейку і абмяркоўвалі цэны на лекі: “Бабулькі хадзіце туды. Там подпісы за Лукашэнку зьбіраюць!” Старыя адказвалі праклёнамі ў адрас згаданага “бацькі народу”. Замыкаецца кола дзікай шматгадовай дэмагогіі і падману.

Янка Базыль