СЬВЕДЧАНЬНІ ПРА НЯШЧАСНАЕ ПАКАЛЕНЬНЕ

З набліжэньнем так званага дня перамогі расейскае тэлебачаньне паказала 7 траўня макабрычны сюжэт на тэму. На безыменным полі пад Ржэвам у Цьверскай вобласьці адбываюцца раскопкі на месцы баёў. Зусім нядаўна было агучана, што пад Ржэвам загінула значна больш людзей, чым пад Сталінградам. Але ў савецкі час гэтую старонку вайны (і шмат якія іншыя) амаль ня згадвалі. Крэмль выдаткоўваў мільярды на гіганцкія і тупыя манумэтальныя комплексы ў так званых гарадах-героях.

Беларускага наведвальніка Ржэва зьдзіўляе зачуханасьць і дзікасьць горада і навакольля, прымітыўна зьлепленыя аматарскіх формаў помнікі вайне. Фронт стаяў каля Ржэва на працягу 17 месяцаў (!), зь верасьня 1941 года. Большасьць загінуўшых саветы так і не пахавалі. На шырокім полі раскопваюць трупы савецкіх жаўнераў, што ляжаць у тры слаі — так, хваля за хваляй гналі іх у лабавую атаку на нямецкія кулямёты. Зразумела, што абсалютная большасьць з іх — “невядомыя” (хаця ў архівах павінны быць зьвесткі пра гэтых людзей). Калі б так ваявалі ў той вайне амэрыканскія генэралы, то ні Рузвэльт, ні вайсковае начальства доўга не пратрымаліся б пры ўладзе. Сталіну і КПСС ўсё было дазволена. У сувязі з гэтым беларусы — нашчадкі няшчаснага пакаленьня той фашысцка-бальшавісцкай вайны — павінны б усьвядоміць, што ніколі больш не павінен наш народ ваяваць за Маскву і абараняць злачынную крамлёўскую ўладу. Вечны праклён расейскаму і германскаму фашызму!

Янка Базыль