120 ХВІЛІНАЎ “НА КІЧЫ”

9 траўня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе рэклямны артыкул пра турызм у Курзэмэ, прыморскай правінцыі Латвіі. Апісваюцца пясчаныя пляжы, камфортныя гатэлі, прыязнасьць мясцовых людзей. Ёсьць аб'екты моднага апошнім часам “экстрэмальнага турызму”. У мястэчку Кароста энтузіясты адрэстаўравалі мясцовую расейскую турму, якая служыла яшчэ ў царскія, а потым у савецкія часы. Цяпер тут музэй савецкай улады. Заплаціўшы пяць эўра, замежнік можа пасядзець 120 хвілінаў “на кічы”. Яго будуць абслугоўваць супрацоўнікі ў савецкай уніформе, крычаць на яго расейскім матам, грукаць дзьвярыма і г.д. У былой штаб-кватэры раённага КГБ арганізаваны гатэль, а залу паседжаньняў адміністрацыя здае пад правядзеньне банкетаў.

Наш камэнтар: Вось жа не зразумела. А чаму Крэмль, міністар Лаўроў і “масы трудяшчіхся” не пратэстуюць супраць гэтага “акту вандалізма” у Каросьце? Гэта ж трэба, як латышы зьдзекваюцца з КГБ — найвышэйшай сьвятыні Расеі. Што называецца, “не забудем, не простім!”

Юрка Марозаў