ІДУЦЬ НАПРАЛОМ І ПАЛЯЦЬ АГЕНТУРУ
Травень для беларусаў пачаўся халодным ветрам з боку Расеі і чарговымі скокамі псэўдаапазыцыі на бангалёрскім сабачніку. 1 траўня там забраліся зябкія і нешматлікія групы левых. Яны, мабыць, наслухаліся перманэнтнай дэмагогіі Хадыкі, які ў чарговы раз пераконваў усіх, што бангалёрскае балота — “гэта сьвятыня для беларусаў”. Назіралася чарговая спроба зганьбіць наш нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, зь якім па сабачніку паслухмяна бадзяліся некаторыя асобы, не заўважаныя раней ў адраджэнскай дзейнасьці.
Папярэднім актам блюзьнерства быў “мітынг” з трох з паловай узельнікаў, які наладзілі на Бангалёры 2 красавіка “апазыцыянэры” Фралоў і Скрабец. Сьвяткуючы рэжымны “день едіненія Беларусі і Расеі”, гэтыя цемрашалы вывесілі побач імпэрскі трыкалёр Расеі і наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Правакацыя, як памятаем, правалілася. Грамадзтва высьмеяла “абаронцаў Расеі ад няўступлівага Лукашэнкі”.
2 траўня ў залежных і “незалежных” СМІ РБ грымнула сэнсацыя. Палатнік-спарцмэн Ул. Парфяновіч і лукашыст са стажам Л. Сініцын выступілі з “Мінскім маніфэстам беларуска-расейскага яднаньня”. У “маніхвэсьце” запісныя “апазыцыянэры” заклікалі Беларусь ўступаць ў склад Расеі на правах суб'екта фэдэрацыі, прыняць расейскі рубель, аддаць Расеі нашы нафтаправоды. Адным словам, прагучалі не намёкі ў тупым фралоўска-скрабецкім стылі, а адкрыты выступ за ліквідацыю Беларускай Дзяржавы.
Трэба прызнаць, што гэты выступ быў старанна падрыхтаваны “Нар. Воляй” і іншымі “незалежнымі” задоўга да акцыі 2 траўня. Парфяновіча гэтыя СМІ даўно ўжо прадстаўляюць у амплуа палымянага патрыёта Беларусі, услаўленага галадоўшчыка (памятаеце, як ён з Фраловым і іншымі галадаў на кватэры каля лядоўні колькі гадоў таму?). У Сініцына апошнім часам бралі вялікія інтэрвію, дзе дэманстравалі яго як мудрага палітыка, прыстойнага чалавека і апазыцыянэра. Яны, мабыць, лічылі, што беларусы забыліся, што такое ёсьць гэты Сініцын.
Л. Сініцын — верны служка антыбеларускага рэжыму, пэўны час быў начальнікам “адміністрацыі прэзыдэнта”. У Вярхоўным Савеце менавіта Сініцын выступіў з ініцыятывай правядзеньня антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 г., пасьля якога пачалося зьнішчэньне ўсяго беларускага. Сініцын камандваў злачыннымі дзеяньнямі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г., калі спэцназ зьбіваў дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту, якія абвясьцілі галадоўку пратэсту ў парляманце супраць парушэньняў Канстытуцыі. І вось цяпер дзьве гэтыя ўшчэнт адыёзныя асобы раскрыліся. Кантора спаліла іх усьлед за Фраловым і Скрабцом. У іншай краіне на іх паказвалі б пальцам на вуліцы, гукаючы “здраднікі!” А тут яны прэтэндуюць на нейкую дыскусію і рэспэкт. Генэрал Валера Фралоў разам з паплечнікам па сацыялізму Каралём нават выязджаў на 1 мая ў Варшаву. Там гэтая публіка маршыравала па вуліцах Варшавы з мясцовымі левымі, прадстаўляючы “беларускую дэмакратыю”.
Чаму ўсё так? Чаму апошнім часам расчынена столькі куфэркаў гэбоўскіх таямніцаў? Чаму “спаленыя” (раскрытыя) лубянскія агенты, якія яшчэ нядаўна насілі вянцы “абаронцаў Беларусі”? А таму, што Масква пайшла напралом. Пуцінскі Крэмль ня мае магчымасьці на больш тонкія гульні. Да выбарчай вясны 2008 г. засталося надта ж мала палітычнага часу. Трэба сьпяшацца, трэба захопліваць Беларусь. Таму ў адкрытую мабілізавана ўся агентурная публіка — усе гэтыя балотныя дэмагогі, паны-спарцмэны, салодкагалосыя і гутаперчавыя. Яны клянуцца ў любові да “русского языка і всего русского”, запрашаюць з нацыянальнай сымволікай на ганебны бангалёрскі сабачнік, гукаюць пра “правы чалавека” і адначасовае “зьбліжэньне з уладамі” (якія парушаюць гэтыя правы). Ім не патрэбная лёгіка, яны ўпэўнены, што так лепш. Спыніць гэтую публіку можа толькі сіла праўды і Народнай Салідарнасьці. Беларуская моладзь урэшце павінна адвярнуцца ад гэтых здраднікаў-наймітаў, што служаць нашым ворагам, і ісьці шляхам сапраўднага (а не падстаўнога, псэўдаапазыцыйнага) Адраджэньня.
Янка Базыль