САЛІДАРНАСЬЦЬ З ЭСТОНЦАМІ

Прэзыдэнту Эстоніі

сп. Тоомасу Хэндрыку Ільвэсу

Шаноўны спадар Прэзыдэнт,

Апошнім часам Расея актывізавала кампанію супраць эстонскай дзяржавы і эстонскага народу. Кіраўніцтва Крамля інспіравала байкот эстонскіх тавараў у Расеі, прыняло шэраг іншых захадаў эканамічнага ўціску Эстоніі. Вышэйшыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады Расеі робяць агрэсіўныя палітычныя заявы, у якіх пагражаюць Эстоніі “ускладненьнем адносінаў”. Па ўсёй Расеі разгорнута правакацыйная кампанія, якая мае на мэце зганьбіць эстонскі народ, ягоныя нацыянальныя традыцыі. З Масквы гучаць абвінавачваньні эстонцаў у “фашызме”, “блюзьнерстве” і “вандалізме”. У сваёй антынароднай правакацыі Расея выкарыстоўвае таксама прадстаўнікоў расейскай меншасьці, якія пражываюць на тэрыторыі Эстоніі. Увесь сьвет пабачыў, як яны арганізавалі пагромы ў цэнтры Таліна і ў іншых гарадах Эстоніі. Расейскія вандалы пашкодзілі і зьнішчылі некалькі помнікаў эстонскім героям, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі ў 1918-м і 1940-х гадах. Толькі дзякуючы прафэсійным дзеяньням эстонскай паліцыі і адэкватным паводзінам эстонскага грамадзтва ўладам удалося навесьці ў краіне парадак.

Такім чынам Масква спрабуе запалохаць эстонскі народ і кіраўніцтва Эстоніі. Дэмантаж савецкага помніка і перанос яго на вайсковыя могілкі ў Таліне — гэта толькі прэтэкст для разгортваньня агрэсіўных дзеяньняў Расеі. Агульнавядома, што на ўсёй тэрыторыі Расеі па лясах і палях ляжаць непахаваныя парэшткі мільёнаў ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў і войнаў, многія пахаваньні закінуты і разбураны. Гэты ганебны факт не клапоціць кіраўнікоў і грамадзтва Расеі. Менавіта Расея зьяўляецца прыкладам варварскіх адносінаў да пахаваньняў ахвяраў. На Беларусі па загаду з Масквы прамаскоўскі рэжым ня раз спрабаваў зьнішчыць народныя помнікі на магілах ахвяраў расейска-камуністычнай акупацыі ў Курапатах пад Менскам і іншых месцах, але беларусы абаранілі свае сьвятыні.

Помнікі савецкай эпохі адлюстроўваюць антычалавечыя камуністычныя ілюзіі. У краінах, якія пазбавіліся ад расейскай акупацыі, большасьць камуністычных помнікаў былі дэмантаваны як сымвалы акупацыйнай улады. Эстонскі народ мае права самастойна вызначаць свае адносіны да эстэтыкі расейскага таталітарызма.

Антыэстонская правакацыя Масквы зьяўляецца часткай імпэрскай палітыкі Крамля супраць незалежных дзяржаваў. Ваенная агрэсія Расеі ў Грузіі і Малдове, імкненьне ліквідаваць Беларускую дзяржаву і захапіць тэрыторыю, шалёная кампанія русіфікацыі і асіміляцыі, а таксама падпарадкаваньне беларускай арміі пад ваенную стратэгію Расеі, агрэсіўная палітыка супраць балтыйскіх краінаў сьведчаць пра нежаданьне Расеі мірна суіснаваць з суседнімі дзяржавамі. Безумоўна, кіраўніцтва Крамля зацікаўлена ў канфрантацыі з эўрапейскімі краінамі. Сапраўднай мэтай агрэсіўных дзеяньняў Расеі зьяўляецца не клопат аб бронзавай скульптуры, а забесьпячэньне трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну для сп. Пуціна. Менавіта дзеля гэтага штучна ствараецца міжнародная напружанасьць і праводзіцца дэмагагічная апрацоўка расейскага насельніцтва, для якога крамлёўскае кіраўніцтва знаходзіць чарговых ворагаў.

Мы выказваем нашу падтрымку палітычнаму кіраўніцтву Эстоніі і эстонскаму народу, якія бароняць сувэрэнітэт і незалежнасьць сваёй Дзяржавы ад імпэрскіх правакацыяў Масквы.

Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 траўня 2007 г.

Менск