У ПОЛЬШЧЫ ЎЗЯЛІСЯ ЗА ГЭБІСТАЎ

5 траўня 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” цытуе выступ у Сэнаце сэнатара Марэка Кухціньскага: “Люстрацыя супрацоўнікаў Службы Бясьпекі працягваецца шмат гадоў, а тыя, хто перасьледваў і прымушаў супрацоўнічаць людзей, дагэтуль не пакараны. Гэты закон аднаўляе справядлівасьць, вызваляе Польшчу ад баласту камунізма”. Старшыня парляманцкага клюбу “Права і Справядлівасьць” Кухціньскі і сэнатар гэтага клюбу Збігнеў Рамашэўскі правялі прэс-канфэрэнцыю ў Сэнате з нагоды прадстаўленьня імі праекта Закону аб супрацоўніках СБ (польскага камуністычнага гэбэ). Паводле праекта, будуць апублікаваныя сьпісы польскіх убэкаў (гэбістаў) — да 50 тысячаў; ім будзе забаронена на працягу 10 гадоў займаць палітычныя і дязржаўныя пасады. Праца ў структурах СБ у 1945-56 гг. (сталінскі пэрыяд, калі Польшча цалкам была падпарадкавана волі Крамля) ня будзе залічвацца ў працоўны стаж. Праца ў СБ ў 1956-89 гг. (да моманту дэмантажу камуністычнай сістэмы і яе спэцслужбаў у Польшчы) будзе залічвацца ў пэнсійны фонд па самым нізкім тарыфе, усе пэнсійныя ільготы і надбаўкі гэбістам павінны быць адменены. Левыя ў Сэнаце (усе, як на падбор, былыя камуністы) усчалі пратэст, заяўляючы, што такі Закон неканстытуцыйны і зьяўляецца прыкладам несправядлівага прынцыпу “групавой адказнасьці”.

Наш камэнтар: Былыя камуністы і ўбэкі нешта забываюцца, што менавіта паводле прынцыпу так званай “групавой адказнасьці” адбываўся разгром антычалавечых арганізацыяў гітлерызму: Гестапа, СС, СД, палявой паліцыі. У гэтыя дні цікава глядзець польскія тэлеканалы. Журналісты пытаюцца ў сэнатара Рамашэўскага: “Як жа так? Вы хочаце пазбавіць павышаных пэнсіяў пажылых асобаў, якія на поўную сілу выконвалі сваю дзяржаўную працу? Ці ж гэта справядліва?” Сэнатар Рамашэўскі рэзка адказвае “гуманістам”: “Не павінна быць падвышаных пэнсіяў і дзяржаўных ільготаў тым, хто “напрацаваўся ў поўную сілу”, топчучы і знішчаючы людзей. Народ не павінен аплочваць іхны камфорт...” Пара і беларускаму народу задумацца над камфортам катаў і дапаможнікаў катаў, што атабарыліся на нашай зямлі.

Янка Базыль