СУМНІЎНАЕ РАШЭНЬНЕ
1 траўня 2007 г. Румынская газэта “Evenumentul Zilei” піша пра справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”. Арганізацыя заявіла, што падрыхтоўка да наступных Алімпійскіх Гульняў, якія павінны прайсьці ў Кітаi, “паслужыла каталізатарам для рэпрэсіяў”. Камуністычныя ўлады перасьледуюць вядомых адвакатаў і людзей, якія спрабуюць абараніць свае правы.
Наш камэнтар: З часам стане вядома, чаму ўдзельнікі міжнароднага камітэту прагаласавалі за правядзеньне гульняў менавіта ў таталітарным чырвоным Кітаі. Яны раптам “забыліся” пра моладзь, якую пекінскі рэжым раздушыў танкамі на плошчы Цянь-аньмэнь у 1989 годзе, пра масавыя растрэлы людзей, пра таталітарызм і здушэньне свабодаў, пра трагедыю паняволеных народаў (цібэтцаў, уйгураў, манголаў і г.д.). Магчыма, што стануць вядомымі і памеры хабару, які пералічылі на рахункі міжнародным чыноўнікам ад спорту “кітайскія товарішчі”. Трэба зазначыць, што кітайскае начальства творчы пераняло і разьвіла досьвед папярэдніх “алімпійцаў” Гітлера і Брэжнева. Перад Алімпіядамі 1936 г. у Берліне і 1980 г. у Маскве таксама праводзіліся масавыя зачысткі алімпійскай тэрыторыі ад палітычных апанэнтаў і іншых “ненадзейных”, узмацняліся палітычныя рэпрэсіі. Чарговая ганьба лібэральнага Захаду.
Юрка Марозаў