МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў КУРАПАТАХ
26 красавіка сёлета беларускія патрыёты прышлі ў Курапаты, на сьвятое месца пакутніцтва нашага народу, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Каля вялікага Крыжа Пакутаў яны ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і засьпявалі духоўны гімн “Магутны Божа”. Запалілі сьвечкі і зьнічы, усклалі кветкі да крыжоў на магілах пакутнікаў. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Праўда пра Чарнобыль” (публікуецца).
Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў на Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі аб Чарнобыльскай катастрофе — чарговым злачынстве расейскай імпэрыі, якая зрабіла народы закладнікамі сваёй шалёнай палітыкі і антычалавечых экспэрымэнтаў. Расейскія лётчыкі паводле загаду з Крамля адразу пасьля катастрофы спэцыяльнымі сродкамі справакавалі выпадзеньне дажджоў з радыёактыўных хмараў, якія вецер пагнаў ад Чарнобыля. Яны абрынулі атамную атруту на Гомельшчыну і Магілеўшчыну. За гэта іх узнагародзілі залатымі мэдалямі герояў. Савецка-расейскія акупацыйныя ўлады на працягу некалькіх гадоў захоўвалі рэжым таямніцы вакол чарнобыльскай бяды, хавалі ад нашага народу і ад усяго сьвету праўду аб катастрофе і яе выніках, працягвалі антычалавечы экспэрымэнт над беларусамі.
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” разьбіў гэты мур маўчаньня, адкрыў праўду аб нашай бядзе і зьвярнуўся да цывілізаванага сьвету з заклікам аказаць дапамогу ахвярам крамлёўскага атамнага злачынства. Беларускія патрыёты першымі прышлі на дапамогу людзям у пацярпелых раёнах. Аднак, паступова справу арганізацыі гуманітарнай дзейнасьці ўзялі ў свае рукі структуры і прадстаўнікі цяперашняга антыбеларускага рэжыму. Яны зрабілі ўсё дзеля таго, каб спыніць міжнародную гуманітарную дапамогу з-за мяжы, замацаваць сотні тысячаў людзей на атручаных землях і не дапусьціць выратаваньня нашых дзяцей. У хаўрусе з міжнароднай атамнай мафіяй пад фальшывыя завярэньні (што, маўляў, “наступствы аварыі ўжо ліквідаваны”) яны працягваюць злачынны экспэрымэнт над нашым народам. Больш таго яны дамаўляюцца з Масквой аб пабудове на тэрыторыі Беларусі атамнай станцыі, рыхтуюць нам верагоднасьць чарговай катастрофы.
Чаму мы ў гэты дзень Памяці і Смутку прышлі ў Курапаты? Таму што Чарнобыль радыяцыйны — гэта толькі працяг Чарнобыля расейскай акупацыі. У пантэоне народнай памяці ахвяры расейскай сталіншчыны ёсьць разам з ахвярамі расейскага атамнага шаленства. Беларусы павінны абараняць сваю зямлю ад маскоўскіх імпэрцаў, якія зноў спрабуюць паняволіць нас. Каб не дапусьціць панаваньня маскоўскай імпэрыі ў нашай краіне, наш народ працягвае змаганьне за канчатковае вызваленьне ад імпэрскай чумы.
Людзі прайшлі па Крыжовай Дарозе да трох манумэнтальных крыжоў на пагорку Кальварыі. Усклалі кветкі, маліліся. Мэрапрыемствы закончыліся сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
26 красавіка 2007 г.