“АЛЕ ПРАЙДЗІСЬВЕТ!”
22 красавіка 2007 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” піша пра чарговы візыт М. Марыніча ў Вену. Гэтым разам “апазыцыянэр” з РБ выступаў на круглым стале ў венскім Інстытуце імя Рэнэра. Газэта цытуе Марыніча, які сказаў: “Беларусь стаіць на ўскрайку бездані”. Потым распавядае пра “героя”: “Гэта М. Марыніч, экс-кандыдат на прэзыдэнта, якога А. Лукашэнка шмат гадоў трымаў у турме” (вось як аказваецца). Марыніч казаў прафэсуры за сталом, што Беларусь ужо банкрут. Што раней краіна трымалася толькі дзякуючы таннаму расейскаму газу і дапамозе Расеі. Расея забясьпечвала 41% беларускага дзяржбюджэту. За апошнія гады Беларусь атрымала ад Расеі 50 мільярдаў даляраў. Цяпер, у сувязі з адмовай Расеі даваць танны газ Беларусь апынулася “на ўскрайку бездані”. Нават аўстрыякі, паслухаўшы Марыніча, напісалі ў сваёй газэце: “Крыху наіўна прагучаў заклік апазыцыйнага палітыка, каб Эўразьвяз разам з Расеяй выпрацаваў стратэгію вываду Беларусі на дэмакратычны шлях”.
Наш камэнтар: Дык вось як, аказваецца. Не Расея на працягу шэрагу гадоў нашай незалежнасьці рабавала нашу краіну, выкарыстоўваючы рэжым унутранай акупацыі і прамаскоўскіх васалаў кшталту намэнклятурнага генія і “апазыцыянэра” Марыніча. Гэта наш народ, аказваецца, жыў за кошт Расеі. Паводле Марыніча, беларусы масава гультайнічалі, а калі скончылася расейская газавая любоў, то раптам апынуліся на ўскрайку бездані. Але прайдзісьвет! Ён зьбянтэжыў нават аўстрыякаў сваім заклікам дэмакратызаваць Беларусь пуцінскай Расеяй.
Валеры Буйвал