ТРАГЕДЫЯ І БЛЮЗЬНЕРСТВА

24 красавіка 2007 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляе з Ерэвана. 15 тысячаў ў асноўным маладых людзей прайшлі праз цэнтар армянскай сталіцы з паходнямі, абразамі, крыжамі. Гэта было мэмарыяльнае шэсьце ў памяць ахвяраў генацыду армянскага народу ў Асманскай імпэрыі. Моладзь паліла турэцкія сьцягі, бо Турцыя дагэтуль не прызнала факту генацыду і не пакаялася. 24 красавіка 1915 г. падчас Першай сусьветнай вайны туркі пачалі масавае высяленьне і забойства армянаў, якіх лічылі хаўрусьнікамі хрысьціянскіх краінаў.

Наш камэнтар: Армянскі народ па ўсім сьвеце адзначае мэмарыяльнымі мерапрыемствамі даўнія трагічныя падзеі. У Беларусі менавіта БНФ “Адраджэньне” на працягу гадоў мабілізоўваў беларускае грамадзтва на супраціў прамаскоўскаму афіцыёзу, які спрабаваў затаптаць памяць пра генацыд беларусаў маскоўскай імпэрыяй, пра ахвяраў Чарнобылю. Патрыёты-фронтаўцы вялі людзей праз цэнтар беларускай сталіцы, беларусы ішлі “Чарнобыльскім Шляхам” з абразамі, харугвамі і крыжамі, панаваў настрой жалобы.

І вось агульнымі намаганьнямі ўсходніх і заходніх ворагаў Фронт прыдушылі, перакрылі інфармацыю і каналы. На працягу некалькіх апошніх гадоў за справу арганізацыі “Чарнобыльскага Шляху” бярэцца групка падстаўных псэўдаапазцыянэраў. Гэтая публіка зблюзьнерыла саму ідэю народнага мэмарыяльнага шэсьця. Яны пагадзіліся з рэжымам і заклікалі людзей ісьці 26 красавіка на бангалёрскае балота, каб там арганізоўваць “мітынг”. Больш таго, гэтая публіка прыклала намаганьні, каб надаць “шэсьцю” фрывольны і вясёлы характар. Яны абвясьцілі, што сёлетні “шлях” яны правядуць пад знакам “лысага вожыка” (які, маўляў, зьяўляецца сымбалем радыяцыйных раёнаў Беларусі). Яны сьмяюцца, але псіхічна нармальным людзям ня сьмешна. Мы памятаем, што гнюснай мянушкай “чарнобыльскіх вожыкаў” савецка-расейскія акупанты весела называлі ў канцы 1980-х гадоў няшчасных беларускіх дзяцей, якія згубілі ў выніку радыяцыі валасы.

Імітатары сьмяюцца, яны, відаць, хочуць, каб ўсім было сьмешна на тэму Чарнобыля. Мы памятаем, як гэбісты танцавалі-крыўляліся перад труной Васіля Быкава падчас пахаваньня народнага генія ў 2003 годзе. Мы ведаем, як яны сьмяюцца і ламаюць крыжы ў Курапатах. Але няхай ведаюць крывадушныя, што ніхто ім гэтага не забудзе.

Юрка Марозаў