РАСЕЯ СЬКІДАЕ МАСКУ
26 красавіка Пуцін зачытаў перад Думай свой зварот-справаздачу. Ён падкрэсьліў велізарныя посьпехі часу свайго кіраваньня імпэрыяй, нават сказаў, што “у Расеі скончыўся пэрыяд падзеньня вытворчасьці і яна стала адной з дзесяці найбольш разьвітых краінаў сьвету”. Пагаварыў ён і пра “духовность”: “Русский — это язык исторического братства народов”. Вось як, аказваецца. Ідэалізацыя маскоўскага рэйху з вуснаў крамлёўскага гаўляйтэра была толькі першым актам пастаноўкі, якую Крэмль разыграў на вачах усяго сьвету.
Ужо на наступны дзень, 27 красавіка адбыліся падзеі, якія вызначылі характар наступных актаў пастаноўкі і агульную ідэю крамлёўскага спэктакля. С. Міронаў, спікер Савета фэдэрацыі РФ, з раніцы запатрабаваў разарваць дыпляматычныя адносіны з Эстоніяй. Справа ў тым, што ўначы эстонскія ўлады пачалі дэмантаж савецкага помніка ў цэнтры Таліна. Помнік яны перавeзьлі на вайсковыя могілкі, куды будуць перазахаваныя парэшткі акупанцкіх жаўнераў з магілы, што недарэчна знаходзілася разам з помнікам у цэнтры эстонскай сталіцы.
Масква задзейнічала сваю агентуру: некалькі тысячаў “русскіх ребят”, якія спачатку кідаліся на паліцыю і спрабавалі прарвацца да месца дэмантажу бронзавага сымвала расейскай акупацыі Эстоніі. Калі іх адбілі, расейцы сшыхтаваліся сьвіньнёй і распачалі пагром на цэнтральных вуліцах Таліна. Да трох тысячаў пагромшчыкаў разьбівалі вітрыны і шыбы, нішчылі гарадзкую маёмасьць. “Русскіе ребята” ўвайшлі ў раж і пачалі рэзацца паміж сабой. Адзін з пагромшчыкаў памёр ад удара нажом. Шмат было паранена шклом, што сыпалася з разьбітых вітрынаў. Паліцыя дзейнічала апэратыўна і сьмела, але яе сілаў не хапала, асабліва на пачатку пагрому.
Расейскае тэлебачаньне адыграла сваю правакацыйную подлую ролю рупара маскоўскага варварства. Тэлевядучы НТВ падбег да паліцэйскага кардона і нема закрычаў: “Что же вы тут стоите? Там погромщики громят жилища мирных граждан...” Пасьля гэтага ў тэлерэпартажы камэра паказала прыкаваных да слупа пагромшчыкаў, якіх паліцыя нэйтралізавала такім чынам да падыходу спэцтранспарту. Нейкія рускія крычалі на паліцэйскіх: “Что же вы делаете с этими ребятами? Как же так можно?!..” Тыпова гэбельсаўская лёгіка паводзінаў: то “жертвы”, то “пагромшчыкі”, а ў выніку аказваецца, што вінаватыя самы эстонцы. Эстонскі народ праявіў дысцыплінаванасьць, паслухаўшыся закліку кіраўніцтва сталіцы і краіны, каб справай наладжваньня парадку займалася паліцыя. Але зразумела, што эстонскія мужчыны ня будуць доўга цярпець зьдзекі расейскага хама, які нішчыць маёмасьць на эстонскай зямлі.
Працяг правакацыі нечакана атрымаўся ў нарвэжскай сталіцы Осла, дзе на міжнароднай канфэрэнцыі краінаў НАТО выступіў запрошаны туды міністар замежных справаў РФ Лаўроў. Ён абвінаваціў Эстонію ў “кошчунстве” і папікаў Захад у прыёме ў свае структуры такой “нецывілізаванай краіны”. Нечакана для ўсіх ён заявіў, што Расея ў сувязі з гэтым пачынае выхад з праграмы скарачэньня звычайных узбраеньняў (якую падпісаў з Захадам яшчэ Гарбачоў у 1990 г.). Заходнікі выслухалі маскоўскага пасланца ў поўным аслупяненьні. Зразумела, што справа зусім не ў Эстоніі і не ў бронзавай скульптуры. Талінскі пагром, як і гітлерскі пагром у “Крышталёвую ноч” лістапада 1938 года, вызначае новы віток агрэсіўнай антычалавечай палітыкі крамлёўскага рэйха.
Маскі скінуты. Расея ў адкрытую ўступае ў канфрантацыю з заходнімі краінамі. Чаму так? Яшчэ толькі ўчора Пуцін расказваў, як “жіть стало лучше, жіть стало веселее”. Але Масква паперла напралом, і ня толькі на вуліцах Таліна. У варунках распаленага іхнымі ж рукамі канфлікту з Захадам Крэмль адкідвае апошнія апраўданьні законам і канстытуцыяй. Пуцін і ягоная каманда выходзяць на антызаконны захоп улады ў выглядзе трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну “ввиду чрезвычайных обстоятельств” Сшыхтаваўшыся сьвіньнёй, лубянцы пачынаюць марш пад лёзунгам “Спасай Россию!”
Яны папруць цемрай і на нашу Беларусь. Адкінуўшы заканадаўчую рыторыку ў Расеі, акупанты будуць такім жа чынам дзейнічаць і супраць нашай незалежнай Дзяржавы. На нашых вачах крахам заканчваецца чарговая заходняя палітыка падтрымкі Крамля, а таксама мясцовай прарасейскай псэўдаапазыцыі. Не зважаючы ні на што, наш народ павінен рыхтавацца да абароны Бацькаўшчыны ад Імпэрыі Зла.
Янка Базыль