ЗАХОДНІКІ ПІШУЦЬ ПРА ЕЛЬЦЫНА

22 красавіка 2007 г. Гішпанская газэта “АВС” публікуе зацемку пад тытулам “Надта чалавечны”. Гэта яны так пра Ельцына. Далей па тэксьце даецца кароткая характарыстыка нябожчыка: “Імпульсіўны, любіў выпіць, імпэтна імкнуўся надаць заходні характар сваёй краіне, але не хацеў нагнаць страху на Захад. Ельцын быў любімчыкам прэсы”. Надрукаваны таксама фатаздымак, дзе сібірскі жарцік “весялуна” Барыса надта насьмяшыў “красавчіка” Біла Клінтана.

Наш камэнтар: Гішпанія далёка, гішпанцам Ельцын можа і запомніўся сваімі пацешнымі “загогулінамі” ды выхадкамі ў кабацкім стылі. Да пэўнага часу беларусы таксама мелі ілюзіі што да сівога “сьвярдлоўскага мядзьведзя”, які сапраўды выглядаў больш прывабна, чым фальшывы балбатун Гарбачоў. Пік папулярнасьці Ельцына прыйшоўся на дні путча ў жніўні 1991 года. Многія беларусы тады захапляліся гэтым “сымбалем расейскай дэмакратыі”. Потым стала вядома, што раніцай 19 жніўня Ельцына ледзь расштурхалі пасьля начнога банкета, каб везьці яго “узначальваць рэвалюцыю” і лезьці на танк перад “Белым домам”. Толькі лідэр Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянон Пазьняк казаў проста ў Вярхоўным Савеце і на мітынгах патрыётаў: “Ня верце гэтай ілюзіі. Расея застаецца імпэрыяй, ад яе зыходзіць небясьпека для Беларускай дзяржавы”. Большасьці людзей гэтыя словы падаліся тады дзіўнымі і неабгрунтаванымі. А потым была крывавая чачэнская вайна, распачатая паводле загаду Ельцына. Потым ён піў шампана з Лукашэнкам у Крамлі, падпісаўшы антыбеларускі пакт аб “союзном государстве”. Так што няхай заходнікі расказваюць сабе свае байкі пра “чалавечнага любімчыка”.

Валеры Буйвал