ПРАЎДА ПРА ЧАРНОБЫЛЬ
Дарагія землякі, дарагія беларусы, сябры-фронтаўцы!
Сёньня трагічная гадавіна Беларусі — гадавіна Чарнобыля — смутнай падзеі, адзначанай у Вялікай Кнізе Аб'яўленьня. Наш народны лёс запісаны там, а гэта значыць, што мы мусім перажыць гэтую бяду, перамагчы Чарнобыль радыяцыйны і Чарнобыль чужынскага разбурэньня.
Чужынскае разбурэньне — гэта найперш сам узрыў рэактара і скідваньне радыяцыі на нашу зямлю. Іншае — гэта псаваньне, нішчэньне нашай нацыянальнай культуры і краіны тымі, хто выклікаў атамную катастрофу.
22-красавіка ў эфіры каналу Бі-Бі-Сі (Вялікабрытанія) быў паказаны тэлефільм з маім удзелам і камэнтарамі — “Навука аб супэрштормах”. Там гаворыцца аб тым, як Масква асаджвала радыёактыўныя хмары на галовы беларусаў у Магілеўскай вобласьці, прыводзяцца факты. Эх, як залемантавалі адразу ў Маскве, як пачалі круціцца і хлусіць. І што балюча (хаця і тыпова), што і некаторыя нашыя беларускія дасьледнікі і дзеячы пачалі віляць і заблытваць праўду, пасуючы перад рэжымам.
Дарагія сябры, калі мы ўзгадваем Чарнобыль, мы заўсёды кажам — “Праўда пра Чарнобыль”. Мы — Беларускі Народны Фронт — выканалі сваю місію перад нацыяй. Яна называецца па-евангельску: “Праўда пра Чарнобыль”. Усе, хто пра Чарнобыль хлусілі, хлусяць і будуць хлусіць — падаюць у нікчэмнасьць. Мы павінны змагацца зь няшчаснымі вынікамі Чарнобыльскай катастрофы. Але мы павінны таксама абараняць “Праўду пра Чарнобыль”. Праўда робіць народ вольным. Галоўная зброя непрыяцеля — хлусьня, нахабная і бессаромная. Але праўда перамагла і пераможа далей.
Будзьма ўпэўненыя ў нашай народнай перамозе, у сьветлай будучыні нашай краіны. Жыве Беларусь і будзе жыць вечна!.
Зянон Пазьняк,
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
26 красавіка 2007 г.