МАЕ НАЙЛЕПШЫЯ ЗЫЧЭНЬНІ
22 красавіка ў гасьціннай грамадзкай залі Сабора сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася прэзэнтацыя маіх апошніх паэтычных кніжак: паэмы “Вялікае Княства” і зборніка вершаў і фатаграфіяў “Дарога”. Была цёплая таварыская атмасфэра, цікавыя выступы, чытаньні вершаў і ўрыўкаў з паэмы.
У сувязі з гэтай прыемнай для мяне падзеяй выказваю шчырую ўдзячнасьць і прыхільнасьць яе арганізатарам і прысутным. Найперш дзякую непасрэдным арганізатарам Валянціне Якімовіч, Міколу Цімашэнку, Гражыне Залеўскай, Мікіту Агародніку, Тацьцяне Кулаковіч, кіраўніку Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталю Зайку і іншым, што падрыхтавалі і вялі імпрэзу, а таксама галоўным выступоўцам па тэме прэзэнтацыі спадарам Антону Шукелойцю і Вітаўту Кіпелю.
З прыемнасьцю адзначаю таксама спрыяньне і прыхільнасьць да гэтай культурнай імпрэзы з боку царкоўнай Рады Сабора сьвятога Кірылы Тураўскага. Асабліва мне хораша было бачыць шмат маладых людзей — маіх сяброў, прыхільнікаў беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Будзем жа дзейнічаць і яднацца на гэтай вялікай ідэі Адраджэньня Беларусі — нашага спрадвечнага Вялікага Княства Літоўскага, за моц і справу якога аддадзены тысячы жыцьцяў беларускіх змагароў. Прыйдзе час, і адродзіцца наша дарагая Бацькаўшчына Беларусь у красе і сіле. Гэты час настане. Жыве Беларусь і будзе жыць!
Зянон ПАЗЬНЯК
P.S. Усім, хто віншаваў мяне з 63-годдзем — падзяка і найлепшыя зычэньні.