26 КРАСАВІКА — ДЗЕНЬ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ПАМЯЦІ І СМУТКУ

26 красавіка спаўняецца 21 год з дня Чарнобыльскай катастрофы. Беларускі народ вечна будзе захоўваць памяць аб гэтай страшнай бядзе, аб нявінных ахвярах стыхіі. Але мы не забудземся таксама, што чарнобыльская бяда абрынулася на нашу зямлю дзякуючы антычалавечаму рэжыму савецка-расейскай акупацыі. На працягу гадоў пасьля катастрофы Масква і мясцовыя маскоўскія марыянэткі спрабавалі падмануць беларускае грамадзтва, выстаўляючы Чарнобыль як “нязначную аварыю на ЧАЭС”. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” адкрыў ўсяму чалавецтву праўду пра чарнобыльскую бяду, арганізаваў гуманітарную дапамогу пацярпелым людзям, вымусіў улады прыняць захады па выратаваньню людзей.

Беларускі Народны Фронт арганізоўваў штогод Чарнобыльскія Шляхі — мэмарыяльныя мерапрыемствы памяці і смутку. Антыбеларускі рэжым ня здолеў хлусьнёй і рэпрэсіямі спыніць гэтае народнае рушаньне. Тады рэжым выкарыстаў падстаўных псэўдаапазыцыянэраў, якія спрабуюць давесьці да абсурду ідэю Чарнобыльскага шляху. Сёлета (як і на працягу апошніх гадоў) грантаўская псэўдаапазыцыя зьбіраецца павесьці людзей на бангалёрскае балота, на месца выгула сабак. Яны нават запрасілі “уважаемого презідента Лукашенко” на сваё “шэсьце”. Падстаўны “аргкамітэт” дзейнічае разам з рэжымам так жа сама, як яны дзейнічалі сёлета на Дзень Волі 25 Сакавіка, заводзячы калёны беларускай моладзі на ўскраіну сталіцы, пад міліцэйскія палкі, у тупік, дзе яны наладжвалі “день народного едінства” з антынародным рэжымам і расейскімі палітыкамі.

Сумленныя беларусы не павінны далучацца да гэтага блюзьнерскага “шэсьця” прарасейскай публікі. 26 красавіка беларусы будуць зьбірацца ў месцах пакутніцтва нашага народу: у Курапатах і іншых месцах, дзе пахаваны ахвяры антыбеларускага генацыду, што тварылі расейскія акупанты. Па ўсёй краіне пасьля працы беларусы пойдуць да сьвятых магілаў, каб памаліцца, запаліць сьвечкі — каб не згасала Памяць.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ

20 красавіка 2007 г.