“МЫ ВЕДАЕМ, ЯК БУДУЦЬ ВЫГЛЯДАЦЬ ІХНЫЯ СМІ”

19 красавіка 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра “пуцінскую галоснасьць”. Журналісты буйнейшага расейскага інфармацыйнага холдынга РНТ паведамілі, што з афіцыйнага тэлебачаньня яны атрымалі загад не пускаць у эфір апанэнтаў Крамля. Журналістаў агенцыі Рэйтэрс перад апошнімі маршамі апазыцыі ў Маскве і Пецярбурзе папярэдзілі, каб яны не здымалі Каспарава і Касьянава, бо тыя “ужо ёсьць адпрацаваным матар'ялам і глядзець на іх не цікава гледачам”. Ім загадалі асьвятляць дзейнасьць пуцінскай партыі “Едіная Россія”. Вядомы тэлеканал НТВ стаў значна больш ветлівы ў адносінах да Крамля пасьля таго, як перайшоў пад кантроль “Газпрома”.

Наш камэнтар: Нягледзячы ні на што, на расейскіх теле- і радыёканалах засталіся яшчэ таленавітыя людзі (якія зноў вяртаюцца да савецкай “эзопавай мовы”), творчыя перадачы. Але з кожным месяцам іх становіцца ўсё менш, а інфармацыйную прастору ўсё больш непадзельна займаюць лубянскія брахуны і бяздарныя нудзікі. На тэле- і радыёканалах РБ гэты працэс ужо завершаны: панаваньне афіцыёзнай хлусьні і лубянскага цемрашальства тут ужо абсалютнае. Паводле лёгікі “строітельства союзного государства”, усё, што апрабавана прарасейскім рэжымам у Беларусі, у хуткім часе распаўсюджваецца па Расеі. Так што мы ведаем, як будуць выглядаць іхныя СМІ.

Юрка Марозаў