“ВЕЧНА ТАК НЯ БУДЗЕ”

“Но наш бронепоезд стоит на запасном пути!” Летувісам даліся ў знакі тэзісы, выкладўеныя ў гэтым бадзёрым расейскім хіце 20-х гадоў пра “запасных”. 17 красавіка Сэйм Летувы ўрэшце прыняў закон аб рэзэрвістах КГБ. Раней толькі супрацоўнікам лубянскай канторы забаранялася працаваць у летувіскай пракуратуры, дзяржбясьпецы і дыпляматычнай службе. Цяпер гэтая забарона распаўсюджваецца таксама й на так званых рэзэрвістаў КГБ СССР. Пагарэлі на гэтай папраўцы сярод іншых і дзьве прыкметныя фігуры сёньняшняга эстэблішмэнту, на якіх знайшліся дакуманты пра іхны ўдзел у лубянскім рэзэрве. Гэта дырэктар дэпартаманту бясьпекі Летувы А. Пацюс і дыплямат А. Валёніс (меўся ехаць амбасадарам у Аргентыну). Мы чулі, як начальнікі цяперашняга МЗС РБ публічна выхваляліся: “В белорусской дипломатии заняты теперь 95% выпускников московской дипшколы”. Пачуўшы гэта, беларусы зразумелі, чые інтарэсы прадстаўляюць на міжнароднай арэне гэтыя “дорогіе москвічі”.

Вечна так ня будзе. Пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму гэтыя “ребята” ня будуць больш гаспадарыць у нашых замежных прадстаўніцтвах, яны паедуць назад у сваю Маскву (тыя, на каго ня будзе заведзена крымінальная справа за асабліва разбуральную антыдзяржаўную антыбеларускую дзейнасьць). Беларускай дыпляматыяй будуць займацца беларусы, сапраўдныя патрыёты нашай Дзяржавы. Ужо цяпер беларуская моладзь павінна рыхтавацца да гэтай справы: вучыцца, набываць веды, дапамагаць перамозе нацыянальнага Адраджэньня.

Янка Базыль