ШАТЛЯНДЫЯ КРОЧЫЦЬ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

13 красавіка 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе артыкул пад тытулам “Незалежная Шатляндыя? Гэта ўжо недалёка”. Праз тры тыдні спаўняецца 300 гадоў як Англія і Шатляндыя ўтварылі Злучанае Каралеўства (пасьля ваеннай паразы шатляндцаў). Якраз 3 траўня сёлета адбудуцца парляманцкія выбары ў Вялікай Брытаніі. Мяркуецца, што шатляндскія нацыяналісты перамогуць на гэтых выбарах. Лейбарысты, якія даўно кіруюць Шатляндыяй, згубілі свае пазыцыі. Але нацыяналісты ня будуць мець большасьці ў шатляндскім парляманце. Тым ня менш, сёлетняе апытаньне ў Шатляндыі дало наступны вынік: 51% шатляндцаў выступаюць за незалежнасьць сваёй краіны. Дзесяць гадоў таму ўздым шатляндскага нацыяналізму быў выкліканы выдатным кінатворам “Мужнае сэрца” аб змаганьні шатляндцаў супраць англічанаў у 14-м стагоддзі, з аўстралійскім акцёрам Мэлам Гібсанам у галоўнай ролі. Кінасэнсы ператвараліся ў дэманстрацыі патрыётаў. Англія вымушана была аднавіць парлямант Шатляндыі пасьля трох стагоддзяў поўнага падпарадкаваньня краіны імпэрыі. Скептыкі кажуць, што незалежнасьць прывядзе да неабходнасьці плаціць за тое, за што сёньня плаціць Лёндан (войска і г.д.). На гэта патрыёты заяўляюць, што якраз Шатляндыя аплочвае Лёндан.

Наш камэнтар: Спрадвечны спор “скептыкаў” і нацыяналістаў. Беларусы вельмі добра памятаюць лямант “савецкіх патрыётаў” на прыканцы 1980-х — пачатку 90-х гадоў: “Незавісімая Белоруссія без КПСС — это невозможно... У нас ведь нічего нет. Без Россіі нам нікак...” І вось у 1991 годзе пасыпалася маскоўская імпэрыя, вызваліліся народы, утварыліся незалежныя краіны. Нягледзячы ні на што мы трываем і стаім. Ўжо 16 гадоў антыбеларускі рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары ня могуць ліквідаваць нашу незалежную дзяржаву (і ня змогуць!). Беларускі народ мае вялікую будучыню. А парэшткі расейскай імпэрыі загніваюць і раскладаюцца.

Працэсы дэкалянізацыі ў Эўропе пайшлі настолькі глыбака, што нават значна больш стабільная Брытанія вымушана будзе адступіцца пад націскам шатляндскага нацыяналізму.

Валеры Буйвал