КРАСАВІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
15 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Старшыня даў ацэнку прамаскоўскай дзейнасьці псэўдаапазыцыі, якая спаборнічае з рэжымам, хто больш верны Расеі і яе імпэрскім інтарэсам. Неабходна працягваць асьветніцкую дзейнасьць, каб не дазволіць грантаўскім падстаўным псэўдаапазыцыянэрам завесьці патрыятычную беларускую моладзь ў чарговы тупік.
З дакладам выступіў таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Дакладчык згадаў публічныя прызнаньні А. Лукашэнкі аб тым, што псэўдаапазыцыйны “день народного едінства” 25 сакавіка сёлета быў сплянаваны і праведзены рэжымам. Заклікі Мілінкевіча “да сумесных дзеяньняў з уладамі”, правакацыйныя дзеяньні кіраўнікоў псэўдаапазыцыі, якія павялі калёны моладзі ад плошчы Каліноўскага прэч ад цэнтру сталіцы, дэманстрацыя “братэрства з расейскімі палітыкамі” каля будынку Акадэміі Навук — усё гэта было зроблена паводле сцэнару антыбеларускага рэжыма. Нават у афіцыйным друку была высьмеяна гэтая “акцыя” псэўдаапазыцыі.
25 сакавіка рэжым арганізаваў таксама блюзьнерскі канцэрт на тэрыторыі аэрапарта “Менск-1” нягледзячы на трагедыю беларускіх авіятараў і афіцэраў, якія напярэдадні загінулі ў Самалі. Паводзіны рэжыму адкрылі вочы многім людзям, якія раней імкнуліся не заўважаць або не разумелі антычалавечы характар гэтага рэжыму. Грамадзтва перажыло шок, і многія робяць з гэтага высновы. Людзі разумеюць, што далей так жыць немагчыма. Менавіта нацыянальнае асьветніцтва, вяртаньне беларусаў да гуманістычных, хрысьціянскіх і нацыянальных каштоўнасьцяў ёсьць шлях усьведамленьня нашага народу і адраджэньня нашай культуры.
Сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны распавялі пра чалавечыя трагедыі беларусаў. Многія з мужчынаў, што паехалі на заробкі ў Расею, вяртаюцца зь “нялюдскай зямлі” у трунах. Тыя, хто вырваўся адтуль жывым, распавядаюць, што расейскай міліцыі трэба плаціць вялікія грошы, каб ня быць арыштаваным і абрабаваным дашчэнту ў расейскіх гарадах і на вакзалах. Паступова беларусы пачынаюць разумець, што Расея — варожая і дзікая краіна, ад якой трэба ратавацца. Выступоўцы падкрэсьлівалі, што неабходна зьбіраць беларусаў па ўсёй краіне пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам дзеля абароны незалежнасьці нашай краіны. Толькі сам народ — салідарныя беларусы здолеюць выратаваць сваю культуру, спыніць шалёную русіфікацыю і наладзіць нармалізацыю нацыянальнага і дзяржаўнага жыцьця ў Беларусі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
15 красавіка 2007 г.