ГІШПАНЦЫ ПАДТРЫМАЛІ ГУСІНСКАГА

10 красавіка 2007 г. Гішпанская газэта “АВС” паведамляе, што Пуцін адмяніў афіцыйны візыт свайго міністра замежных справаў Лаўрова ў Гішпанію. Лаўроў меўся прыехаць у Мадрыд на сьвяткаваньні 30-х угодкаў нармалізацыі дыпляматычных адносінаў паміж Масквой і Мадрыдам. Цяпер ён дэманстрацыйна ў Мадрыд не паедзе. Прычына — царскі гнеў на гішпанцаў у сувязі з наданьнем 9 лютага сёлета гішпанскага грамадзянства расейскаму алігарху-дысідэнту Гусінскаму, асабістаму ворагу Пуціна. У 2000 г. на просьбу Расеі гішпанцы арыштавалі Гусінскага, які схаваўся ад Пуціна на сваёй гішпанскай віле. Але Гішпанія адмовілася выдаваць яго ў Расею, а ў хуткім часе выпусьціла з-за кратаў. Цяпер вось ён мясцовы грамадзянін. Масква выстаўляла супраць яго абвінавачваньні ў эканамічных злачынствах, няўплаце мільённых пазыкаў і г.д. А Гусінскі сьцьвярджаў, што рэпрэсіі супраць яго разгорнуты з-за праўдзівага асьвятленьня вайны ў Чачэніі ягоным інфармацыйным сіндыкатам Медіа-Мост.

Наш камэнтар: Як бы там ні было, але афіцыйны Мадрыд не паддаўся на крамлёўскі шантаж. Пасьля таго, як перад лубянскім палкоўнікам некалькі разоў кланяліся кароль і прэм'ер-міністар на тэму нафты-газу, палкоўнік падумаў, што цяпер ён можа круціць пірэнэйскім каралеўствам, як якім-небудзь Комі АССР. Але трэба прызнаць, ганарлівыя касьцільцы не апусьціліся да такой ступені і нагадалі крамлёўцу ягонае месца.

Юрка Марозаў