САТАНІНСКІ МАРШ У МАСКВЕ

За постсавецкія гады мы наглядзеліся на розныя формы крыважэрнага цемрашальства, што правіць баль у Расеі. На сходы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў там рэгулярна ўламваліся малойцы з голенымі галовамі і гарланілі: “Сталин-ГУЛАГ-СССР!!!” (міліцыя рабіла выгляд, што аглохла, і людзі самы гналі прэч лубянскіх камсамольцаў). Вадзіў сваю ўзброеную банду і забіваў людзей чарнасоценец Баркашоў (усе пачалі ўжо забывацца пра гэтага агента). Стракацяць час ад часу чырвоным і чорным нацыянал-бальшавікі Лімонава. Надрываецца з эстрады (у тым ліку і на гастролях у Беларусі) адвязаны папсіст Газманаў: “КГБ, МВД и наука высокая — это моя страна/ Я сделан в СССР!”

Але на Лубянцы не перасыхаюць крыніцы дзяржынскай форматворчасьці. Апошнім часам у сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў там знайшліся нават свае мэдыевісты (спэцы па сярэднявеччу). Сталіна з Леніным і сьвятога РПЦ цара Міколкі Крывавага ім цяпер мала. 8 красавіка на Вялікдзень па цэнтру Масквы прайшоў сатанінскі “Імперскій марш”. Ад 500 да 800 асобаў (у асноўным маладыя, якія ўвесь час імкнуліся пагрозьліва надзьмуцца) маршыравалі пад транспарантамі “Русские идут!”, “Слава опричнине!”, “Россия для русских” і “Мёртвый, вставай!” Маладых вялі нейкія дарослыя “дяді” з барoдамі ў стылі бацюшак. Раней іхныя прозьвішчы і фізіяноміі нідзе не мільгалі. Падобна, што Лубянка вырашыла праз іх падпусьціць у расейскае грамадзтва містычнага духу. З трыбуны гэтыя бацюшкі ў цывільным гукалі пра адраджэньне эпохі Івана Жахлівага, “первого русского царя, который возвысіл велікую Русь”. Нагадаем, што апрычніна — гэта адна з буйнейшых катастрофаў у расейскай гісторыі. Атрады царскіх галаварэзаў у 16-м стагоддзі зьнішчылі палову насельніцтва Расеі, часам цэлыя паселішчы. Былі разгромлены эліты расейскага грамадзтва, вынішчана і пераселена ў паўночную мерзлату большая частка баярства. Калі б ВКЛ не разграміла ашалелую імпэрыю Івана ў Лівонскай вайне, то гэтая катастрофа абрынулася б на ўсю Эўропу.

Як вядома, Сталін “обожал” Івана Жахлівага і імкнуўся насьледваць яму. Любілі яго і пры пазьнейшых саветах, ідэалізавалі ў падручніках за барацьбу супраць прыгнятальнікаў-баяраў і нянавісьць да ўсяго эўрапейскага. Цікава, што ў Маскве “Імперскі марш” арганізоўвалі не манархісты, а нейкі “Евразійскій союз” (спрабуючы захаваць сваю імпэрыю, маскоўцы цяпер часам падкрэсьліваюць сваё мангольскае паходжаньне). Не выпадкова на лідэра “Евразійского союза молодёжі” (гэткі мангольскі камсамол) абраны “істінно русскій парень” Павел Заріфуллін. Новы Павка Корчагін гукаў на “маршы”: “Россия всегда была империей и может сохраниться только как империя!” Што ж, пэўная лёгіка ў гэтым маршавым галёканьні ёсьць. Ня стане імпэрыі — ня будзе і Расеі. Псэўдабацюшкі сьпявалі з трыбуны песьні на вершы Івана Жахлівага, “выдаюшчегося поэта Русі”.

Дзеля чаго ўвесь гэты сярэднявечны “ізуверскі” балаган? Падобна, што Лубянка ратуе імпэрскую ідэю любым коштам. А выпусьцілі гэтых касьцюміраваных блазнаў менавіта сёлета, таму што трэба прадэманстраваць чарговы кантраст. Маўляў, Пуцін не ўсхваляе апрычніну і бальшавікоў-лімонаўцаў. Ён выступае нават у ролі гаранта, які не дазваляе іваноўцам-жахліўцам саштурхнуць Расею з “правільного путі”. Пуцін, маўляў, трымае іх на ўзбочыне расейскай палітыкі. Ён не такі жахлівы, як Іван і іншыя. Гэбельсаўскі прыёмчык, аднак, не такі ўжо бяскрыўдны. Памятаем з аналаў, што крамлёўскі страшыла палохаў і зьнішчаў, аж покуль група адчайных баяраў не паднесла яму чашу з атрутай. Зноў замыкаецца крывавае кола кашмарнай расейскай гісторыі. Па Маскве (нібыта “православной-златоглавой”) на Вялікдзень маршыруюць сатанінскія сотні, нясуць над сабой сярэднявечныя лёзунгі... Хіхікаюць за крамлёўскім мурам нашчадкі Чэка.

Янка Базыль