НАПЕРАДЗЕ ШМАТ ПРАЦЫ
10 красавіка 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” піша пра мэмарыяльныя мерапрыемствы на поўначы Францыі ў гонар канадскіх вайскоўцаў. 90 гадоў таму канадцы вызначыліся ў бітве пры Вімі падчас Першай сусьветнай вайны. Яны ўзялі штурмам нямецкія пазыцыі 12 красавіка 1917 г. і страцілі 3500 чалавеk забітымі. На ўрачыстасьцях прысутнічала 18 тысячаў асобаў, а таксама прэм'ер Канады Гарпэр, прэм'ер Францыі Вільпэн і каралева Вялікай Брытаніі Альжбэта ІІ.
Наш камэнтар: Культурныя народы памятаюць пра сваіх дзядоў, іхныя подзьвігі і ахвяры. У вызваленай ад азіяцкай дыктатуры Беларусі абавязкава будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць. Беларускія дзяды, якія змагаліся на франтах Вялікай вайны 1914-18 гадоў на Усходзе і Захадзе, будуць вернуты ў нацыянальны пантэон. Наперадзе ў беларускіх гісторыкаў шмат працы, каб сярод іншага высьветліць лёс, знайсьці магілы беларускіх жаўнераў і афіцэраў, якія змагаліся супраць немцаў у Францыі ў складзе экспэдыцыйнага корпуса ў 1916 годзе.
Валеры Буйвал