У КІЕВЕ ДРАМА, У МЕНСКУ — КАМЭДЫЯ
5 красавіка 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” публікуе артыкул пад тытулам “Польшча і Эстонія дэманструюць падтрымку В. Юшчанку”. Лех Качыньскі і Том Хэндрык Ільвэс правялі тэлефонныя размовы на тэму крызісу ва Украіне. Газэта цытуе Качыньскага: “Нашы думкі супадаюць. І Эстонія, і Польшча падтрымліваюць тыя сілы ва Украіне, якія арыентуюцца на Захад”. Далей цытата з Ільвэса: “Нашы краіны былі ахвярамі камунізму. Мы ўсе хочам, каб Украіна была надзейным, незалежным сябрам клюбу заходніх дзяржаваў”.
Наш камэнтар: Вельмі важна, што барацьбу украінскага народу за канчатковае вызваленьне з расейскага “коммуністіческого лагеря” падтрымліваюць салідарныя суседзі. Усе цудоўна разумеюць, пра што йдзецца ва Украіне — ці далучацца да сям'і народаў эўрапейскай цывілізацыі, ці вяртацца пад чырвоным сьцягам у маскоўскі ГУЛАГ.
На фоне гэтых падзеяў хочацца, аднак, пракамэнтаваць тое, аб чым летувіская газэта гэтым разам не напісала. Справа ў тым, што ў сярэдзіне сёлетняга сакавіка менавіта “Lietuvos Rytas” надзвычай апэратыўна апублікавала паведамленьне зь Менску ў драматычна-сэнсацыйным ключы: “Учора КГБ былі затрыманы лідэры беларускай апазыцыі Вячоркас і Сіўчыкас. Іхны лёс невядомы...” Газэта спаслалася на прэс-службу Вячоркаса (якая сапраўды імгненна разаслала зьвестку пра “невядомы лёс” па ўсім сьвеце; толькі большасьць заходніх СМІ не пасьпяшаліся публікаваць гэта, ведаючы гэтую публіку).
На наступны дзень “лёс” стаў вядомым. Абодвух герояў чамусьці выпусьцілі з турмы на Акрэсьціна “дзеля арганізацыі мерапрыемстваў 25 сакавіка” (як паведаміла Радыё Свабода). Суд над імі прызначылі на 23 сакавіка, потым яго перанесьлі, а 4 красавіка жорсткі суд дыктатуры “вызваліў абодвух ад адказнасьці”. Апэрэтачная пастаноўка пра “лёс лідэраў”, трэба прызнаць, амаль удалася. “Лідэры” разам с паслужлівай прэсай і заходнікаў сэнсацыяй пахвалявалі, і разам зь Мілінкевічам рэжымны “день народного едінства” правялі. А ад адказнасьці іх пазбавілі, таму што ім трэба рыхтаваць новую маштабную псэўдаапазыцыйную дурылку для беларускага пратэсту на 27 красавіка (“Чарнобыльскі шлях”). Толькі пра гэта летувіская газэта ня піша.
Юрка Марозаў