САМЫ СТУКАЛІ, САМЫ Й ЛЮСТРУЮЦЬ
6 красавіка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра дзіўную люстрацыю ў Баўгарыі. Парлямант краіны абраў люстрацыйную камісію з 9 асобаў, якія адкрыюць архівы камуністычных спэцслужбаў Баўгарыі Державна Сігурност. У камісіі будуць засядаць ажно чатыры прадстаўнікі кіруючай сацыялістычнай партыі (былыя камуністы). Старшыняваць у камісіі прызначаны сацыяліст Эўцім Кастандзінаў, які дагэтуль настойліва патрабаваў не праводзіць люстрацыю і засакрэціць архівы гэбэ на 120 гадоў (!). Правая апазыцыя, якая атрымала толькі два месцы ў камісіі, заяўляе, што сацыялісты будуць ратаваць сябе і сваіх калегаў ад праўды і адказнасьці. Яны прыводзяць прыклад такой дзейнасьці перафарбаваных камуністаў, якія адмовіліся ўключаць у склад камісіі 73-гадовага Георгія Канстанцінава. Маладым чалавекам ён узарваў помнік Сталіну ў 1953 г., за што быў асуджаны і ўвязьнены. Калі Канстанцінаў запатрабаваў адкрыць ягоную справу, што знаходзіцца ў архівах спэцслужбаў, сацыялісты адмовілі яму. Яны спаслаліся на тое, што суд асудзіў яго як крымінальнага злачынцу і тэрарыста.
Наш камэнтар: Не, у Беларусі ня будзе такой арыгінальнай “люстрацыі”. Былыя прыслужнікі прамаскоўскага рэжыму і прысьцёбнутай да яго прамаскоўскай псэўдаапазыцыі ня будуць засядаць у люстрацыйных камісіях. Прадчуваючы гэта, некаторыя з іх ужо спрабавалі забегчы наперад і “перахапіць ініцыятыву”. Успомнім, як на прыканцы жніўня летась раптам замітусіўся вечны камсамолец Лебедько. Ён заявіў пра падрыхтоўку “міжнароднага трыбунала над Лукашэнкам” (пра гэта даволі фанфарна пратрубіла непаўторнае Радыё Свабода). Нядаўні паплечнік Лукашэнкі зьбіраўся праводзіць свой “трыбунал” у Варшаве, Вільні або нават у Маскве (!). У склад суддзяў Лебедько хацеў запрасіць Валэнсу, Квасьнеўскага, Гавэла. Для сабе ён, мабыць, рыхтаваў мантыю галоўнага інквізітара. Зразумела, што праект быў разьлічаны на магутныя грантаўскія ўліваньні з Захаду. Але ў беларускім грамадзтве праекцік выклікаў гучны сьмех (“Хто суддзя? Лебедько?!..), а беларускія патрыёты паабяцалі “інквізітару” месца на лаве падсудных разам з бонзамі рэжыму, паёк і турэмную ахову. Лебедько мантыю схаваў і больш ня высоўваўся.
Юрка Марозаў