НЯ БУДЗЕ МАСКОЎСКІ СТУКАЧ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР
3 красавіка 2007 г. Славацкая газэта “SME” піша пра чарговыя разаблачэньні агентуры ў Польшчы. Ахвярамі нядаўна прынятага Закону аб люстрацыі сталіся прафэсары Гданьскага ўнівэрсітэту. З дакумантаў высьветлілася, што рэктар унівэрсітэту А. Цэйнова і дэкан філёляга-гістарычнага факультэту Ю. Уладарскі з 70-х па 1989 г. даносілі камуністычным спэцслужбам на прафэсуру, студэнтаў і замежнікаў, што вучыліся ў Гданьску. Цікава, што падчас грамадзкіх дыскусіяў перад прыняцьцем люстрацыйнага Закону менавіта гэтыя два дзеячы актыўна ініцыявалі збор подпісаў супраць люстрацыі.
Наш камэнтар: Досьвед вызваленых народаў дэманструе неабходнасьць не помсты, а справядлівасьці. Ня будзе нармальнай акадэмічнай навукі, нармальнага выхаваньня моладзі ў Беларусі пры актыўным удзеле ў гэтых працэсах (асабліва на ключавых пасадах) гэбоўскай агентуры, якая на працягу дзесяцігоддзяў шкодзіла, разбурала, вычварала ўсё чалавечае і сьвятое, выконвала загады варожых народу структураў. У Беларусі ня будуць забытыя справы палітычнага перасьледу патрыятычных студэнтаў і выкладчыкаў, аўтары стварэньня атмасфэры стукацтва і панаваньня дзікай бэрэсэмаўшчыны. Беларусы ўспомняць, колькі русскоязычной “прафэсуры” атабарылася ў нашых інстытутах і акадэміях пасьля таго, як гэтых рупараў КГБ-СССР вытурылі з балтыйскіх краінаў. Больш ня будуць гэбэшнікі і бяздарныя прыхадні таптаць беларускіх навукоўцаў і беларускую навуку.
Юрка Марозаў