ВЫНІШЧАЮЦЬ УСЁ БЕЛАРУСКАЕ

2 красавіка 2007 г. Гішпанская газэта “El Mundo” піша пра культурніцкую ініцыятыву ў Басконіі. Некалькі басконскіх мастакоў вырашылі адзначыць 70-я ўгодкі стварэньня Паблам Пікасо знакамітага палатна “Гэрніка”. 27 красавіка 1937 года нямецкая авіяцыя, якая ваявала на баку Франка, разбамбіла мірнае мястэчка Гэрніка ў Басконіі разам з жыхарамі. Пікасо, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Парыжы, адгукнуўся на трагедыю і намаляваў вялікую карціну на гэтую тэму. Да самай сьмерці дыктатара Франка імя і творчасьць Пікасо былі забароненыя ў Гішпаніі. Карціну (паводле спадчыны Пікасо) здолелі прывезьці назаўсёды ў Мадрыд толькі ў 1981 годзе. Гэта ёсьць адзін са знакамітых прыкладаў змагарнага мастацтва, а таксама панічнага страху антынароднага рэжыму перад высокім мастацтвам.

Наш камэнтар: У Эўропе даўно не чуваць аб рэпрэсіях супраць свайго нацыянальнага мастацтва. Выключэньнем зьяўляецца толькі беларуская культура, дзе прамаскоўскі рэжым разгарнуў нябачаную нават пры бальшавіках русіфікатарскую разбуральную кампанію супраць беларускай культуры. Расейская папса замест беларускай песьні, расейская макулатура замест беларускіх выданьняў, ліквідацыя беларускіх мастацкіх экспазіцыяў у музэях, спаленьне беларускіх падручнікаў — вось мэтады расейскіх акупантаў. Са школьнай праграмы выкінуты імёны і творы шэрагу беларускіх літаратараў, асабліва тых, хто пісаў праўду пра расейскіх акупантаў і камуну. На мяжы мытнікі РБ забіраюць у беларусаў кніжкі на беларускай мове (“на всякій случай, чтобы крамола не пронікла”). Кнігі вершаў і фотаздымкаў Зянона Пазьняка арыштоўваюцца на мяжы разам з людзьмі, якія вязуць гэтыя выданьні. Прамаскоўскі рэжым баіцца беларускіх вершаў, ненавідзіць нашу мову. Гэта ёсьць, аднак, знак немінучага краху гэтага антычалавечага рэжыму.

Янка Базыль