АРАБСКІЯ СПРАВЫ Ў ЭЎРОПЕ
31 сакавіка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” публікуе паведамленьне свайго рымскага рэпарцёра пад тытулам “Імам заклікае да забойстваў”. Падчас казаньняў на багаслужбах у мячэцях Італіі ісламскія сьвятары кажуць пра талерантнасьць, мір і дружбу. Але журналіст італьянскага тэлеканала RAI (араб па нацыянальнасьці) прабраўся на нефармальны сход мусульманскіх вернікаў у прыватным доме. Імам мячэці вялікага горада Турына Хахайла нібыта арганізаваў там каранічныя чытаньні. Журналіст здолеў, аднак, зазьняць “чытаньні” на схаваную камэру. Цяпер італьянскія СМІ цытуюць выступ Хахайлы: “Не інтэгруйцеся зь людзьмі Захаду, не супрацоўнічайце з хрысьціянамі і габрэямі. З нявернымі ня можна ісьці на кампрамісы. Іх трэба забіваць і баста...” На падпольнай кватэры было поўна літаратуры Аль-Каэды.
Наш камэнтар: Газэта зазначае таксама, што даволі часта імамамі ў мячэцях на тэрыторыі Эўропы служаць асобы, якім у іхных мусульманскіх краінах уладамі забаронена служыць і выступаць у мячэцях. Гэта, мабыць, найбольш цікавы аспэкт праблемы. Эўропа са сваімі “адкрытымі дзьвярыма” і “правамі чалавека” у рэдакцыі сацыялістаў-лібэралаў усё больш ператвараецца ў зону актыўнага дзеяньня чужынскіх дэмагогаў, тэрарыстаў, злодзеяў і іншага кшталту ненавісьнікаў эўрапейскай цывілізацыі. Паспрабаваў бы нехта з эўрапейцаў у азіяцкай або афрыканскай краіне ляпнуць нешта падобнае пра мясцовую рэлігійную традыцыю, культуру, аўтарытэтаў або пра мясцовы люд. Добра, калі б паліцыя пасьпела выратаваць яго ад імгненнай рэакцыі абражаных аўтахтонаў. Днямі, напрыклад, у Бангкоку суд паслаў за краты на 10 гадоў аднаго швэда, які пакпіў з караля Тайланда. У той жа час на тэрыторыі Швэцыі можна тварыць што-заўгодна. Абсурд!
Валеры Буйвал