“УМРЁМ ГЕНСЕКАМІ!”

31 сакавіка 2007 г. Польская газэта “Zicie Warszawy” паведамляе з Масквы. Савет Фэдэрацыі РФ абраў на трэці тэрмін сваім старшынём вядомага пуцінскага падхаліма С. Міронава. Міронаў адразу ж запрапанаваў абіраць Пуціна на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.

Наш камэнтар: У знак удзячнасьці Міронаў агучыў тое, пра што шапталіся ў “верхніх эшелонах власті” ужо даўно. Ён заклікаў у бліжэйшыя два месяцы пачаць абмеркаваньне пытаньня аб зьменах у канстытуцыі Расеі. А менавіта, зьняць абмежаваньне для вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў на знаходжаньне на пасадзе ня больш за два тэрміны. А таксама павялічыць тэрмін прэзыдэнцтва з 5 да 7 гадоў. Зразумела, што міронаўскі сьпіч прысьвечаны Пуціну. Пасьля сёлетнега правалу імпэрскай правакацыі на Беларусі лубянская групоўка вырашыла пайсьці на пралом крамлёўскага мура. Не ўдаецца легалізаваць “союзное государство РФ і РБ” (беларускія патрыёты не даюць), дык трэба падправіць канстытуцыю (патріоты Россіі — за). Вось і канчаецца пэрыяд пуцінскага прыкідваньня ў стылі фальшывай паненкі — “Я на третий срок идти не собираюсь. А о последователе пусть народ решает в соответствии с конституцией...” Зноў трэба вывешваць над Крамлём палінялы лёзунг позьняга брэжнявізму — “Умрём генсекамі!”

Валеры Буйвал