КАМЭДЫЯ
Два “палітдзеячы” псэўдаапазыцыі расейскі генэрал В. Фралоў і грамадзянін С. Скрабец адсьвяткавалі ў Менску “Дзень яднаньня Беларусі і Расеі” — арганізаывалі мітынг з нагоды афіцыйнага лукашэнкаўскага сьвята.
Паводле Сяргея Скрабца ў аргкамітэт мерапрыемства ўвайшлі Аляксандар Вайтовіч, Міхаіл Марыніч, Валеры Фралоў ды іншыя “апазыцыянеры”.
Змагары за дэмакратыю заявілі, што з-за Аляксандра Лукашэнкі беларуска-расейскія дачыненьні апошнім часам вельмі пагоршыліся. Пра гэта яны казалі на мітынгу. На мітынг прышло каля дзясятка чалавек разам з журналістамі.
Выступоўцы засьведчылі свой пратэст супраць “халоднай вайны”, якую, на іх думку, Аляксандар Лукашэнка, абвесьціў Расеі.
Арганізатары разгарнулі расьцяжкі “Свабоду Казуліну!” і “З Расеяй без Лукашэнкі!” Народны мітынг працягваўся некалькі хвілін. Пасьля гэтага Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў адказалі на пытаньні журналістаў.
“Мы лічым, што тыя грамадзяне, якія нас падтрымліваюць, — напрыклад, дырэктарскі корпус, пэнсіянеры, вэтэраны — пабаяліся прыйсьці,” — сказаў Скрабец. Але “барба” працягваецца. Шкада толькі, што напярэдадні мітынгу расейскі амбасадар у Беларусі не прыняў заяўнікаў акцыі. Гэта безумоўна неспрыяе дружбе паміж нашымі народамі, — лічаць грамадзянін Скрабец і генэрал Фралоў. “Ўсегда” знаходзяцца людзі гатовыя “вбіць клін в нашы атнашэнія”.
Адам Мікша (паводле радыё і друку)
На здымку: Мітынг “едіненія”