РАЗМОВЫ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗЕ
30 сакавіка 2007 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе зь Вільні. Там перад дэпутатамі парляманту Летувы выступаў Жазэ Мануэль Барозу, старшыня Эўракамісіі. Калі дэпутаты спыталіся ў яго, чаму Эўразьвяз ўвесь час разважае пра вольны рынак у справе энэргазабесьпячэньня, але ў той жа час спрыяе манаполіі Расеі на гэтым рынку? Барозу не міргнуў вокам і адпарыраваў: “Мы шануем інтарэсы Расеі, але таксама не ў захапленьні ад яе манаполіі. Мы ня хочам манапалізаваць пытаньне...”
Наш камэнтар: Але да чаго ж навучыліся эўраначальнікі маніпуляваць словамі. Ім бы сядзець у нейкім правінцыным часопісе ды за ганарар выдумляць красворды, чайнворды, галаваломкі ды іншую забаўляльную схалястыку. Але ў часопісах плоцяць мала. З Масквы па схаваных каналах у сямейныя бюджэты барозаў і іншых паступаюць значна больш сур'ёзныя сумы. І вось прадстаўнікі аднаго невялікага эўрапейскага народу пытаюцца ў іх проста ў лоб, чаму яны сэрвільна прыслугоўваюць азіяцкай імпэрыі, а яны пачынаюць пускаць з трыбуны мыльныя бурбалкі: “мы шануем, але не ў захапленьні...” Ну да чаго ж забрахалася, заблыталася гэтая на выгляд салідная публіка. Яшчэ раз пацьвярджаецца даўняя аксіёма, што толькі праўду можна казаць яснымі і адназначнымі словамі.
***
30 сакавіка 2007 г. Чэшская газэта “Pravo” піша пра выступ у Эўрапарляманце Хав'ера Саляны, сакратара Эўразьвязу па замежнай палітыцы. Саляна заявіў: “Трэба весьці адкрытую дыскусію пра шчыт. Трэба суадносіць свой сувэрэнітэт з агульным інтарэсам Эўразьвязу ў справе бясьпекі”. Гэта ён шумеў на Польшчу і Чэхію, якія дамаўляюцца з ЗША аб усталяваньні на сваёй тэрыторыі супрацьракетнага (супрацьрасейскага) шчыта.
Наш камэнтар: Здавалася б, ну чаго так хвалявацца эўраначальніку Саляне? Чэхі, палякі і амэрыканцы ня просяць грошай з эўрабюджэту на пабудову шчыта. Дзьве “прыфрантавыя” дзяржавы забясьпечваюць абарону ня толькі сябе, але ў выніку і ўсёй Заходняй Эўропе. Трэба было б уручыць ім ганаровыя граматы ад ЭЗ за ўмацаваньне эўрапейскай бясьпекі. Але замест гэтага мы назіраем дыпляматычныя канвульсіі на высокай трыбуне. Саляна заклікае абмяркоўваць гэтае пытаньне на форумах краінаў Эўразьвязу, ён упарта дэманструе сваю нязгоду з рашэньнем палякаў і чэхаў. Няўжо ён сапраўды думае, што ўбачыўшы ягоны гнеў, гэтыя народы адмовяцца ад шчыта, скажуць амэрыканцам: “Пардон, мы перадумалі-с”?
Ва ўсёй гэтай надзьмутай рыторыцы адчуваецца дэманстрацыйная фальш. Саляне важна засьведчыць вернасьць “грантаўскім дамоўленасьцям” у вачах маскоўскіх “грантадаўцаў”. Яму проста трэба адпрацаваць крамлёўскую аддзяку на публіцы. Не пазайздросьціш і маскоўскім імпэрцам. Яны, здавалася б, скупілі ключавых пэрсанажаў у Брусэлі, стварылі разгалінаваную сетку рознаўзроўневай агентуры ўплыву ў эўрапейскіх краінах, як у некалі папулярнай кабарэтнай песеньцы часоў позьняга Гарбачова — раньняга Ельцына: “А у меня всё схвачено, за всё заплачено...” І раптам ўся гэтая канструкцыя валіцца з банальнай прычыны. У Варшаве і Празе прымаюць дзяржаўна важнае рашэньне палітыкі, якія ня бралі маскоўскія падарункі. Не дапамагае гаварэньне з эўратрыбунаў, насупоненыя фізіяноміі і пагрозьлівыя позіркі з-за крамлёўскага мура.
Валеры Буйвал