ЗМАГАНЬНЕ Ў ЧЫЛІ

Швэдская газэта “Svenska Dagbladet”.

30 сакавіка 2007 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” піша пра пратэстныя выступы чылійскай моладзі ў сталіцы краіны Санц'яга. Тысячы школьнікаў і студэнтаў рушылі калёнамі ў цэнтар сталіцы. Яны дэманстравалі свой пратэст перад будынкам унівэрсітэта, а потым паспрабавалі прайсьці да сядзібы парляманту. Маладыя патрабавалі наладжваньня нармальнага функцыянаваньня транспарту і рэформаў навучаньня. Сутычкі з паліцыяй працягваліся да глыбокай начы.

Наш камэнтар: Чылійская моладзь змагалася за свае правы, за паляпшэньне свайго становішча. Нават у гэтай сітуацыі, калі ня йшлося пра барацьбу за незалежнасьць роднай краіны, пра палітычны пратэст, маладыя пратэставалі ў цэнтры гораду. Паспрабаваў бы нейкі сеньёр Мілінкевіч або які іншы сеньёр Памідор выйсьці да моладзі ды гутапэрчыва заклікаць: “Хадземце далей з цэнтральнай плошчы, бо трэба наладзіць разам з уладамі “день народного едінства”. Яго б так абсьвісталі і пагналі б ад сябе, што ўцякаў бы вельмі імпэтна. Чылійскім юнакам і дзяўчатам важна было не “патусавацца” пад транспарантамі, не паслухаць гладкія прамовы нейкіх фальшывых і падстаўных асобаў. Нягледзячы на свой малады ўзрост, яны засвоілі досьвед нацыянальных барацьбітоў за дэмакратыю. Іх не правядзеш на мякіне, імі не пакарыстаюцца палітычныя жулікі.

Юрка Марозаў