ГЭТА ВЕЛЬМІ ДРЭННЫ СІМПТОМ
Гэта сімптом неабмежаванай гэбізацыі рэпрэсіяў у Беларусі. Грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава падае ў Магілёўскую пракуратуру скаргу на гвалтоўнае прымусовае зьмяшчэньне яе ў псыхіятрычны шпіталь. 28-га красавіка на прэсавай канфэрэнцыі яна расказала, як зь ёй там абыходзіліся. 23 сакавіка пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным сілком адвезьлі яе ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь. Людзі, якія называлі сябе псыхіятрамі, распытвалі пра яе кантакты зь сябрамі “Маладога фронту” і пра плянаваны ўдзел у акцыі 25 сакавіка.
Расказваючы пра ўмовы ўтрыманьня, Крысьціна Шацікава кажа, што гэта была самая страшная сытуацыя ў яе жыцьці:
“Выклікалі санітараў, якія паспрабавалі мяне распрануць, пастрыгчы і памыць. Я стала адбівацца. Мяне занесьлі ў аддзяленьне, прывязалі да ложка і тут жа пачалі калоць псыхатропныя прэпараты. Ведаю, што калолі сэбазон. Яны тлумачылі, што гэта супакойвальнае. Калі мне стала зусім дрэнна з сэрцам, далі валідол.
Што за лекі? Калі ў цябе перад вачыма крывавыя плямы, і ты ўся мокрая, і няма чым дыхаць, то на супакойвальнае гэта не падобна. Прывязаная, я перакуліла ложак. Мне сказалі, што калі я буду баламуціць палату, то мне паставяць кляп.
Потым мне прызначылі прэпарат — і папярэдзілі, што я яго не перанясу. У апошнюю ноч адна зь дзяўчат у мяне на вачах выліла ў мыйню гэты прэпарат і сказала, каб я зрабіла выгляд, што мне блага й што я заснула”.
Зьмяшчэньне Крысьціны Шацікавай у прыхіятрычны шпіталь адбывалася з грубымі парушэньнямі дзейнага ў Беларусі закону “Аб псыхіятрычнай дапамозе” і гарантыях грамадзянаў аб яе аказаньні.
Крысьціну калолі нейкімі прэпаратамі. На якіх падставах — незразумела. Дзе нейкія паперы, што яны гэта рабілі. Чалавека даставіла ў псыхіятрычны шпіталь не машына хуткай дапамогі й ня мэдыкі, а нейкія асобы ў цывільным.
За апошні час гэта найбольш жорсткая форма рэпрэсіяў. Гэта адраджэньне карнай псыхіятрыі, пра якую ўсе выдатна памятаюць па савецкім часе
Крысьціну Шацікаву выпусьцілі са шпіталю 26 сакавіка. Рашэньне пра выпіску прыняла мэдкамісія, якая не знайшла падставаў для прымусовага ўтрыманьня яе ў гэтай установе. Цяпер Крысьціна зьбіраецца правесьці незалежную мэдычную экспэртызу, каб пераканацца, што здаровая. Таксама яна напісала ліст на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры са скаргай на супрацьзаконныя дзеяньні супрацоўнікаў шпіталю і тых людзей, што яе скралі.
(Паводле радыё Свабода. Ганна Соўсь)