НА ЎКРАІНЕ СКАРАЧЭНЬНЕ ШТАТАЎ
Мы нядаўна пісалі на старонцы pbpf.org пра расейскую войначку на Кіеўшчыне. Падзеі сапраўды абганяюць нашы камэнтары. 27 сакавіка гісторыя атрымала працяг. Арыштаваны ў Кіеве яшчэ ў лістападзе 2006 года расейскі мафіёза Максім Курачкін 27 сакавіка быў прывезены ў Сьвятошынскі раённы суд Кіева дзеля дачы паказаньняў на сваім працэсе. Паказаньні ён даў, але калі выходзіў з будынку суда, то быў застрэлены невядомым снайпэрам. Украінскія ўлады абвінавачвалі яго ў шэрагу эканамічных злачынстваў. Вядома таксама, што “свеже преставленный” Курачкін быў старшынём такзванага “Россійского клуба”. “РК” афіцыйна быў створаны для “дыялёгу паміж расейцамі і украінцамі, дружбы і ўзаемнай выгоды”. Але гэта толькі на паперы. Курачкін і ягоны “клюб” былі асноўнымі спонсарамі партыі Натальлі Вітрэнкі, вядомай марыянэткі Крамля ва ўкраінскай палітыцы (яе часта называюць “Лукашэнкам у спадніцы”). І гэта не адзіны подзьвіг клюбных “русскіх ребят” ва ўкраінскай палітыцы. Але на Кіеўшчыне пачалася актыўная маскоўская зачыстка “ребят, которые слішком много зналі”. 19 сакавіка быў застрэлены намесьнік Курачкіна А. Харчішін, а цяпер вось і сам начальнік расейскай банды. Мяркуем, што прычынай “скарачэньня кадраў” стала пасьлядоўная дзейнасьць украінскага кіраўніцтва па ліквідацыі бандыцкіх структураў чужой дзяржавы на тэрыторыі Украіны.
Юрка Марозаў