“ЧЫРВОНА-ЛІБЭРАЛЬНАЕ ЦЕМРАШАЛЬСТВА”
28 сакавіка 2007 г. Гішпанская газэта “La Razon” піша пра прэзыдэнцкую перадвыбарчую кампанію ў Францыі. Кандыдатка ад сацыялістаў Сэгален Руаяль зьвярнулася да выбарцаў з заклікам сьпяваць нацыянальны гімн “Марсэльезу” на выбарчых сходах, а дома вывешваць нацыянальныя сьцягі. За гэта на яе накінуліся з закідамі левыя: антыглябалісты, трацкісты, камуністы і “зялёныя”. Яны заклікаюць ня браць прыклад з правых (якія заўсёды выступаюць з “Марсэльезай” і пад французкім трыкалёрам), “не паўтараць былых памылак, зьвязаных з нацыяналізмам”.
Наш камэнтар: Адным словам, левакі фактычна выступаюць супраць нацыянальнай сымволікі (нацыянальнай сьвятыні), бо для іх больш важнае нешта іншае. Аказваецца такое можа тварыцца і ў Францыі, славутай сваім нацыяналізмам, гонарам за сваю культуру і гісторыю. Цэлыя палітычныя плыні, цэлыя праслойкі грамадзтва з адкрытым цынізмам адмахваюцца ад нацыянальных сымвалаў. Зразумела, якія глыбокія карані запусьціла ў заходнюю глебу зараза “глябальнага інтэрнацыяналізма”, “пролетаріі всех стран соедіняйтесь” ды іншае чырвона-лібэральнае цемрашальства. Не выпадкова, што гастралёры з псэўдаапазыцыі (Мілінкевіч ды іншыя) ня толькі ў Маскве, а і на Захадзе набраліся гэтага “творчага досьведу”. Як жа ўпарта яны спрабавалі ўзьняць над пратэстнай беларускай моладзю, над усімі патрыётамі джынсовыя порткі на дручку (успомнім іхныя налепачкі-лёзунгі “Джынс змагаецца!” і г.д.), а сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг заштурхнуць за кулісы. Ды нічога ня выйшля ў фальсіфікатараў. На Дзень Незалежнасьці народ у Менску зьбіраўся пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Правалілася подлая задумка падстаўных.
Валеры Буйвал