ХУ ДЗІН ТАЎ І МЕНСКІЯ ДАЦЗЫБАО

27 сакавіка 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” піша пра пачатак афіцыйнага візыту ў Маскву прэзыдэнта Кітаю Ху Дзінтаў. Ужо заяўлена, што перамовы паміж двума “вернымі хаўрусьнікамі” будуць весьціся па шэрагу тэмаў. Газэта піша, што Расея ўжо не хавае стратэгічнага значэньня сваіх паставак энэрганосьбітаў замяжу. Будзе абмяркоўвацца праект пабудовы газаправоду з Сібіры ў замежную Азію. Шы Ядзун, прафэсар-русіст з унівэрсітэта ў Шанхаі, абагульніў “хаўрус”: “Існуе трохкутнік адносінаў паміж Кітаем, Расеяй і Злучанымі Штатамі... Калі Кітай і Расея ўзаемна набліжаюцца, амэрыканскія лідэры пачынаюць хвалявацца”.

Наш камэнтар: Фотаздымкі ў румынскай і шэрагу іншых газэтаў таксама пацьвярджаюць, што Пуцін з таварышам Ху вельмі бадзёрыя і аптымістычныя. Такое ўжо бывала, нават на памяці старэйшых пакаленьняў народаў: “Сталин и Мао слушают нас. Дружба навеки!...” А потым пачыналася спрэчка пра тое, у каго больш ісьцінны марксізм-ленінізм, дыскусія плаўна пераходзіла ва ўзаемныя анафэмы, памежныя перастрэлкі, атакі з удзелам бранетэхнікі... Тады, што праўда, у Крамля было шмат украінскіх, беларускіх, азэрбайджанскіх і іншых паднявольных жаўнераў і афіцэраў, якімі імпэрыя засланялася ад учорашніх хаўрусьнікаў і жыцьцямі якіх расплочвалася за свой тупізм.

Цяпер, як бачым, праблематычным зрабіўся нават расейска-кітайскі міру-мір. Напрыклад, цікава — а хто будзе будаваць і абслугоўваць новы газаправод Сібір-Кітай? Сумнеўна, каб маскоўцы пусьцілі ў Сібір цемру кітайскіх работнікаў. Крэмль цяпер ужо ня ведае, што рабіць з мільёнамі тых, якія атабарыліся на тэрыторыі РФ. Расейцы не надаюцца, бо пасьпіваліся і выміраюць. Украіна зь яе чалавечымі рэсурсамі накіроўваецца курсам у НАТО. Імпэрская надзея толькі на паднявольную Беларусь, дзе Мілінкевіч і ўся псэўдаапазыцыя заводзяць пратэстную моладзь у тупік і пад удар дыктатуры. Не выпадкова сваімі апошнімі “дадзыбао” прамаскоўскія мандарыны заклікалі на мове акупантаў да “народного едінства” з антынародным рэжымам. Не дарма 25 сакавіка яны павялі моладзь падалей ад цэнтру Менска, падалей ад плошчы Каліноўскага. Трэба асьцерагаць людзей ад гэтых прадажных грантаўскіх “павадыроў”, якія гатовыя ісьці хоць куды, куды пакажуць, каб забясьпечыць чарговы пшык.

Валеры Буйвал