ЗАГІНУЛІ Ў ЧУЖОЙ ВАЙНЕ

24 сакавіка 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” піcала, што ў Магадзіша паўстанцы падбілі над сталічным аэрапортам “транспартны самалёт Афрыканскага Саюзу”. Самалёт павінен быў даставіць у сталіцу Самалі інжынэраў, якія меліся адрэмантаваць другі транспартны самалёт, што быў пашкоджаны ў Магадзіша некалькі дзён таму.

Наш камэнтар: У Менску яшчэ 23-га сакавіка было вядома з размоваў людзей, што ў Магадзіша атрымаў ракету і згарэў не “афрыканскі”, а беларускі самалёт нашай транспартнай кампаніі. Дарэчы, і папярэдне пашкоджаны самалёт быў беларускім (самалёты фрахтаваліся Афрыканскім Саюзам). Некаторыя з заходніх газэтаў згадваюць, што ў самалёце загінулі “ці то расейцы ці то беларусы”, некаторыя пішуць пра “украінскіх інжынэраў”. Вось такая апэратыўнасьць фэномэна пад назвай “свабодная прэса” і якасьць інфармацыі, якой яны кормяць сваіх чытачоў.

Вядома, што ўвесь беларускі экіпаж загінуў (страты падаюцца да 13 асобаў). Мы не зьдзіўляемся ўжо нічаму. Кіраўніцтва беларускай авіякампаніі (рэжымнае начальства) паслала на мінулым тыдні цывільны транспартны самалёт зь беларускім экіпажам і нейкай ваеннай тэхнікай у Магадзіша, дзе ўжо разгарэліся лютыя баі. Самалёт быў абстраляны, ракета ледзь не патрапіла ў паліўныя бакі, беларускі экіпаж цудам ацалеў. Нягледзячы на гэта, рэжымнае начальства паслала ў Магадзіша другі самалёт (туды, дзе працягваюцца баі) і яго зьбілі.

Цывільны самалёт ня мае ніякай абароны ад ракетаў і іншай зброі. Няўжо трэба было пасылаць беларусаў на чужую вайну, каб забраць нейкае чужое жалезьзе? Калі здарылася трагедыя, рэжым нават не паведаміў свайму і міжнароднаму грамадзтву, што загінулі беларусы. Адкрылася чарговая старонка злачынстваў прарасейскага рэжыму. Фрыдрых Другі ў 18 стагоддзі актыўна гандляваў прускімі гвардзейцамі, прадаваў людзей батальёнамі і палкамі. Практыку гандлю беларусамі даўно ўжо засвоіў антыбеларускі марыянэткавы рэжым. “Скептыкі” могуць сказаць, што беларускія пілоты самы падпісаліся на афрыканскі фрахт. Дык у гэтым выпадку (калі трэба лётаць сярод ракетаў і выбухаў) наёмныя спэцыялісты маюць статус удзельнікаў ваенных дзеяньняў (з цэлым наборам сур'ёзных прывілеяў і гарантыяў), знаходзяцца пад патранажам сваёй дзяржавы і яе кіраўніцтва. Нашы пілоты-сьмяротнікі, паводле рэжыма, “просто совершалі рейс”. Колькі яшчэ будзе працягвацца гэты зьдзек з нашых людзей?

Юрка Марозаў