БЕЛАРУСКІЯ АДРАДЖЭНЦЫ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ Ў МЕНСКУ

Беларускія адраджэнцы і сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ адзначылі найвялікшае нацыянальнае сьвята — Дзень Волі — у цэнтры сталіцы.

А 12:00 людзі сабраліся ў сквэры насупраць Вялікага тэатра опэры і балета. Страх рэжыму перад беларусамі і нашай гістарычнай памяцьцю быў настолькі вялікім, што напярэдадні ўлады з усіх бакоў загарадзілі помнік Максіму Багдановічу, што стаіць ў гэтым сквэры, сямю вялікімі аўтобусамі (загадалі турыстычнным фірмам прыгнаць сюды свой транспарт). Але людзі ўсклалі кветкі да помніка вялікаму паэту і правялі мерапрыемства ў сквэрыку побач. Былі ўзьнятыя нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі.

На пачатку хвілінай маўчаньня ўдзельнікі памянулі ахвяраў трагедыі, выказалі спачуваньні семьям беларускіх авіятараў, якія загінулі заўчора ў Самалі. Людзі заслухалі выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, “Набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі” (публікуецца). Выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён казаў пра неўмяручы подзьвіг многіх пакаленьняў нашага народу, якія змагаліся за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Вера ў нашу праўду і нацыянальную ідэю прывяла беларусаў да аднаўленьня сваёй дзяржаўнай незалежнасьці ў 1918-м а потым — у 1991 годзе.

Перамагае той, хто змагаецца. Вораг баіцца таго, хто змагаецца. Будучыня ёсьць у таго народу, якія аб'ядноўваецца ў салідарнай барацьбе супраць акупантаў і захопнікаў. Прамаскоўскі рэжым прагніў, дыктатура ня мае пэрпэктывы. Будучыня — за вольнай і незалежнай Беларусьсю. Рэжым ня выратуецца здушэньнем беларускай моладзі, бандыцкай русіфікацыяй і разбурэньнем нашай культуры і мовы. Беларусь — у нашых душах, таму Адраджэньне адбываецца ўжо цяпер, нягледзячы на змрочны шабас, які ладзяць рэжымныя бонзы. Ня верма імітатарам, якія сёньня павялі людзей далей ад цэнтру сталіцы, запрасілі на свае “мітынгі” “дарагіх гасьцей” з Масквы, што называюцца “дэмакратамі”, але яны ў каторы раз хочуць “інтэграваць Беларусь у Расею — толькі без Лукашэнкі”. Дэманстранты прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Потым грамада прайшла па вул. Багдановіча і Харужай да плошчы Якуба Коласа, усклалі кветкі да помніка песьняру і сьпявалі “Магутны Божа”. Завяршылася мерапрыемства на Вайсковых могілках. Там людзі ўсклалі кветкі да магілаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, чыталі вершы песьняроў, сьпявалі гімны “Магутны Божа” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

25 сакавіка 2007 г.