“НАЙМІТ ПЯРА” Ў ГРУЗІІ
23 сакавіка 2007 г. Славацкая газэта “Pravda” публікуе рэпартаж пра падарожжа свайго журналіста ў Грузію. “Праўдзівы” славак апісвае краявіды, сацыяльныя праблемы, каннфлікт з Абхазіяй, згадвае, як “у камуністычны час” аджарскія пляжы прымалі тысячы турыстаў, нават славакі любілі адпачываць там. А цяпер пляжы пустыя. Апошнім акордам гучыць сюжэт з Горы, радзімы Сталіна, дзе ягоны помнік і партрэт на вакзале.
Наш камэнтар: І вось жа цікава, ані разу на вялікай плошчы газэтнага тэксту журналіст не згадвае слова “Расея”. Паводле славацкай “Правды”, няма і не было такой праблемы для грузінаў. Гэта яны, маўляў, самы давялі да крызісу ўласную краіну, спустошылі пляжы (дзе так добра было пры камуністых). І Абхазія сама сабой пачала вайну супраць Тбілісі. І Сталін выглядае нейкім выключна грузінскім дзеячам. Раптам успамінаеш, што газэта з характэрнай назвай была рупарам прамаскоўскай кампартыі Славакіі на працягу дзесяцігоддзяў камуністычнага панаваньня ў Чэхаславаччыне. Была і застаецца дагэтуль. Пакуль будзе існаваць імпэрскі Крэмль з ягонай касай, датуль будуць бадзяцца па постсавецкай прасторы (у тым ліку і ў нас у Беларусі) заходнія “найміты пяра” і пісаць такую вось “праўду” пра жыцьцё народаў.
Валеры Буйвал