ЭКАНОМІКА І ПАЛІТЫКА
22 сакавіка 2007 г. Чэшская газэта “Pravo” паведамляе пра заяву паўднёвакарэйскага кіраўніцтва. Сэул абяцае аднавіць дзеяньне праграмы гуманітарнай дапамогі Паўночнай Карэі, дзе у каторы раз пачаўся люты голад. У якасьці ўмовы Сэул патрабуе ад Пхэньяна спыніць ягоную атамную праграму.
Наш камэнтар: У 1990-я гады адной з любімых тэмаў разважаньняў менскіх прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў была “эканамічная стабільнасьць”. Гэтыя эканамічна актыўныя (але палітычна наіўныя) людзі ўпэўнена гукалі: “Экономика не зависит от политики...” Некаторыя зь іх кпілі з патрыётаў-адраджэнцаў: “Вы всё со своими флажками ходите. А нам вот некогда, мы деньги зарабатываем...” Яны марылі пражыць “пры любой уладзе”, нават і ня думалі фінансава падтрымаць нацыянальнае Адраджэньне. Тады яшчэ беларускія патрыёты прыводзілі гэтым самаўпэўненым прыклад Карэі. Адзін народ, адна культура, адна мова, адна зямля — але дзьве розныя палітычныя сістэмы. На Поўначы народ працуе па 14 гадзінаў у суткі без выходных і памірае з голаду. На Поўдні створана высокатэхналягічная цывілізацыя і дэмакратычнае грамадзтва. Нашы бізнэсоўцы толькі пасьмейваліся ды махалі рукамі. І вось на вачах усяе Эўропы менскі “чучхэ” разграміў амаль дашчэнту беларускі бізнэс, нацыянальную эканоміку, сельскую гаспадарку. Большасьць даўніх “аптымістаў” апынулася на бруку, за мяжой, некаторыя ў турме і ў магіле (забітыя маскоўскімі канкурэнтамі). Ці зразумелі яны ролю палітыкі ў эканоміцы, значнасьць нацыянальнай салідарнасьці і каштоўнасьць нацыянальнай культуры? Ці ўсё ж такі праўда — народжаны поўзаць лятаць ня можа?
Юрка Марозаў