БЕЛАРУСКАЯ ТРАГЕДЫЯ Ў САМАЛІ
Пасьля замоўчваньня і дэзынфармацыі з боку афіцыйнай ўлады беларускае грамадзтва ўрэшце даведалася аб трагедыі, што здарылася 23 сакавіка ў далёкай афрыканскай краіне. Транспартны цывільны самалёт беларускай авіякампаніі быў зьбіты зэнітнай ракетай у раёне аэрапорта сталіцы Самалі горадзе Магадзіша. Загінулі 11 беларускіх грамадзянаў, якія знаходзіліся ў самалёце. Пасылаючы туды беларусаў, начальства ведала, што ў Магадзіша адбываюцца лютыя баі грамадзянскай вайны. Начальства ведала таксама, што зусім нядаўна там жа ў Магадзіша быў пашкоджаны ракетай беларускі транспартны самалёт і цудам ацалеў ягоны экіпаж. Менавіта для рэмонту гэтага самалёту і паслалі другі самалёт. Для ўладальнікаў авіякампаніі жыцьцё людзей было менш важным, чым пашкоджаная тэхніка.
Існуючы ў краіне рэжым павінен быў бы абвясьціць у краіне дзяржаўную жалобу, адмовіцца ад усіх забаўляльных мерапрыемстваў. Але вядома, што 25 сакавіка рэжым арганізоўвае ў Менску канцэртна-забаўляльную праграму і танцы ў некалькіх месцах сталіцы. Адным з месцаў правядзеньня масавага забаўляльнага мерапрыемства вызначана зона аэрапарта “Менск-1”. Няма сумневу, што рэжым не адмовіцца ад цынічных забаваў на фоне беларускай трагедыі ні ў гэтым, ні ў іншых месцах. Гэтым яшчэ раз рэжым прадэманструе сваю антынародную сутнасьць і антыбеларускі характар.
Заклікаем усіх беларусаў не далучацца да блюзьнерскіх забаваў рэжыму. Патрыёты адзначаць Дзень Волі 25 Сакавіка без сьвяточных сьпеваў, памянуць беларускія ахвяры чужой вайны і выкажуць спачуваньне іхным семьям.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
24 сакавіка 2007 г.