ХРОНІКА РЭПРЭСІЯЎ

У апошнія месяцы супраць актыўных беларусаў устаноўлены фактычны рэжым надзвычайнага становішча. Функцыянеры рэжыму могуць без прычыны арыштаваць дома, ў дарозе, на вуліцы, на рабоце любога маладога чалавека. Кідаюцца на гук беларускай мовы. Спыняюць і правяраюць машыны, заходзяць у аўтобусы, забіраюць пашпарты дзеля праверкі, робяць ператрусы і г. д. Рэпрэсіі адбываюцца па ўсёй Беларусі. За апошнія два дні зафіксаваны дзясяткі фактаў рэпрэсій супраць маладых беларусаў.

З Гарадзенскага ўнівэрсытэту выключылі студэнта. Студэнт трэцяга курсу Зьміцер Цесьлянок адлічаны, з адзьдзяленьня беларускай філялёгіі, “за непасьпяховасьць”. Ён належаў да групы грамадзка-актыўных студэнтаў.

19 сакавіка за беларускую актыўнасьць арыштавалі (без фармальнай прычыны) лідэра Салігорскае філіі Маладога Фронту непаўнагадовага юнака Івана Шылу.

Дзясяткі маладых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” другі тыдзень дапытваюць у КДБ і пракуратуры ў крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Допыты па ўсёй Беларусі

20-га сакавіка супрацоўнікі КДБ выклікалі на допыт актывістаў у многіх рэгіёнах. Допыты адбыліся, у прыватнасьці, у Нясьвіжы, Жодзіне, Любані, Слоніме і Смалявічах.

Гаворыць Валер Мацкевіч з Бабруйску:

“У нас у Бабруйску стала больш міліцыянтаў на вуліцах. Правяраюць заплечнікі ў моладзі на наяўнасьць агітацыйнай літаратуры. Іх цікавіць, якім чынам гэтая літаратура трапляе ў рэгіёны. Цяпер правяраюць маршрутныя таксоўкі, вельмі ўважлівыя яны на вакзалах і на шашы. Заведзена рэпрэсіўная машына.”

Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску 20 сакавіка затрымалі пяцёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Вока” каля гандлёвага дому “На Нямізе”. Юнакі і дзяўчаты распаўсюджвалі інфармацыйныя ўлёткі супраць русіфікацыі беларускіх школаў.

Барыса Гарэцкага актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” затрымалі супрацоўнікі міліцыі на вуліцы Валгаградзкай, калі ён выйшаў з дому. Яны праверылі ў ягоным заплечніку ўсе рэчы і завезьлі хлопца ў дзяжурную частку міліцыі Першамайскага раёну Менску.

У міліцыі на Барыса Гарэцкага склалі пратакол за дробнае хуліганства. Паводле міліцыянтаў Барыс ішоў па вуліцы і гучна нецэнзурна лаяўся.

22 сакавіка, Барыса будуць “судзіць” у судзе Першамайскага раёну.

Менск. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі ў цывільным заблякавалі кватэру, дзе па серадах адбываліся паседжаньні моладзевых актывістаў. Кватэра знаходзіцца на праспэкце Пушкіна ў Менску. Міліцыянты затрымалі пяцёх чалавек, калі тыя выйшлі з кватэры. У іх праверылі ўсе рэчы ў заплечніках і перапісалі пашпартныя зьвесткі.

У пад'ездзе на лесьвічных пляцоўках і ўнізе каля ліфту стаяць міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў.

Гомель: Ў Гомелі на вуліцы Камсамольскай пры выхадзе з працы міліцыя затрымала былога дэпутата гарсавету, кіраўніка аргкамітэту сацыяльнага руху “Разам” Юрася Глушакова.

Малады незнаёмец аклікнуў спадара Глушакова: “Зямляк, дай запаліць”. Пасьля гэтага раптам стаў тузаць спадара Глушакова за рукавы, а пасьля імітаваў, што яго ўдарылі ў пах. І тут жа зьявілася міліцыя. Супрацоўнікі спэцназу сталі нават “сьведкамі” “інцыдэнту”.

У Юрася Глушакова дагледзелі рэчы, завезьлі ў пастарунак, склалі пратакол за дробнае хуліганства і завезьлі ў суд. Кіраваў перавозкамі намесьнік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі маёр Сухарукаў.

Менск. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі намагаюцца ўвайсьці ў кватэру, дзе жыве актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Кася Галіцкая.

Яны грукаюць у дзьверы і пагражаюць іх зламаць, калі ім не адчыняць. Паплечнікі Касі лічаць, што міліцыянты спадзяюцца знайсьці ў кватэры беларускія сьцягі.

У Горадні на пяць сутак арыштаваны актывіст Вадзім Саранчукоў паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы.

Калегі Саранчукова гэтымі днямі адчуваюць сачэньне за сабою з боку міліцыянтаў. Некаторыя зь іх баяцца выходзіць з дому, каб ня быць арыштаванымі.

Напярэдадні ў Горадні былі ўжо арыштаваныя два актывісты — Ігар Банцар на дзесяць сутак і Андрусь Фамін на сем.

Тамаш Ракса (паводле радыё Свабода)