УКРАІНЕ І ГРУЗІІ ПРАПАНУЮЦЬ У НАТО

17 сакавіка кіраўніцтва ЗША паведаміла пра запросіны Грузіі і Украіне, а таксама некалькім іншым былым “сацкраінам” на ўступленьне ў НАТО. Амэрыканскае кіраўніцтва дзейнічае ўпэўнена ў імкненьні абмежаваць і спыніць агрэсіўную палітыку Расеі, накіраваную супраць незалежных краінаў, што вызваліліся пасьля першага этапу распаду расейскай імпэрыі ў 1991 годзе. У гэтым афіцыйны Вашынгтон выразна адрозьніваецца ад Брусэля, Берліна і шэрагу іншых эўрапейскіх метраполіяў, якія лёгка прадаюць народы цэнтральнай Эўропы ў расейскі палон. Больш таго, апошнім часам мы назіраем, як італьянскія, угорскія, грэцкія і баўгарскія палітычныя эліты заганяюць свае народы ў пастку залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў (зразумела, што гэта таксама й форма палітычнай залежнасьці). У асноўным спрацоўвае старая шматгадовая фэадальная камуністычная герархія “таварышаў”, якія ўсё жыцьцё карміліся з рук Масквы, а потым зрабілі кар'еру ў сваех дэмакратыях. Такое, на шчасьце, немагчыма ў Злучаных Штатах, дзе народная нянавісьць да бязбожнай камуны зьяўляецца надзейным чыньнікам дзяржаўнай палітыкі, якая не дапускае правальных “кампрамісаў” з ворагам чалавецтва.

Зразумела, што палітычная ініцыятыва ЗША выклікала істэрычную рэакцыю Масквы. Міністар замежных справаў РФ Лаўроў сабраў прэс-канфэрэнцыю, дзе выказваў “свяшченное возмушченіе” плянам пашырэньня НАТО на тэрыторыі расейскага ўплыву ды палохаў украінцаў і грузінаў. Лаўрова і ягоных начальнікаў можна зразумець. Калі Грузія назаўсёды вырвецца з імпэрскіх лапаў і стане ў шэраг вайсковай структуры дэмакратычных краінаў, гэта будзе крыўдны для Крамля эпізод. А вось калі вялікая і магутная Украіна зробіць тое ж самае — справу расейскай імпэрыі можна будзе закрываць і здаваць у архіў. Такога правалу імпэрскай палітыкі гнілы дэспатычны рэйх ужо ня перажыве. Ня выратуецца Масква і “беларускім калідорам”. Ужо цяпер імпэрцы абвясьцілі пляны сёлетніх ваенных манэўраў “Содружество-2007”, сумесных з арміяй РБ. Народы ідуць шляхам дэмакратыі, вырываюцца з імпэрскага палону, а здраднікі і прыслужнікі ворага зноў штурхаюць наш народ у абдымкі ўсходняга монстра.

Янка Базыль