КРЫМІНАЛЬНАЯ ВОЙНАЧКА НА ЎКРАІНЕ

19 сакавіка кіеўская абласная міліцыя зьбірала расейскія трупы каля вёскі Плюты. Там адбылася перастрэлка (папулярны расейскі спосаб “скарачэньня кадраў” і “решенія проізводственных конфліктов”), засталіся тры забітых, усе расейцы. Адзін з іх — А. Харчішін. Раней ён служыў начальнікам аховы расейскага боса Максіма Курочкіна (украінская міліцыя назвала яго Максімам Шалёным). Курачкіна летась арыштавалі, ён сядзіць ва ўкраінскім астрозе, ягоная банда абвінавачваецца ў шэрагу злачынстваў. Пасьля арышту ён перадаў кіраваньне фінансамі згаданаму Харчішіну. Стала вядома, што Курачкін быў у канфлікце з іншым расейскім бізнэсоўцам-мафіёзам Владіміром Воробьёвым, які дзейнічаў у Днепрапятроўску. Вараб'ёў быў забіты ў сьнежні летась. Паміж бандамі з 2005 г. вялася вайна за кантроль над днепрапятроўскімі рынкамі. Кульмінацыяй канфлікту быў штурм рынка “Озэрка”, які адбыўся 30 кастрычніка 2006 г. 200 бандытаў-курачкінцаў пайшлі на штурм вараб'ёўскай маёмасьці. Але ўкраінская міліцыя адбіла атаку.

Чытаеш гэтыя паведамленьні, і становіцца зразумелым, хто стаяў за Януковічам і хто нацкоўваў жыхарства ўсходніх вобласьцяў Украіны на выступы супраць “аранжавай” нацыянальнай рэвалюцыі, хто аплочвае і арганізовае антыўкраінскую “фронду” цяпер. І гэта толькі адзін крывавы эпізод гаспадараньня расейскай мафіі на тэрыторыі сувэрэннай Украіны.

Янка Базыль