ЗАБОЙЦЫ ВЫКРУЧВАЮЦЦА

19 сакавіка 2007 г. Дацкая газэта “Politiken” вяртаецца да справы забойства А. Літвіненкі. У Маскве далі інтэрвію амэрыканскім журналістам лубянскія афіцэры (цяпер у іх статус “прадпрымальнікаў”) Лугавой і Коўтун. Масква адмовілася выконваць патрабаваньне брытанскіх уладаў накіраваць абодвух “негацыянтаў” на сьледства ў Лёндан. У Маскве абодва заявілі, што не забівалі Літвіненку, “а проста апынуліся ў неадпаведным месцы ў неадпаведны час...” Уражвае фінал інтэрвію. Лубянцы гукнулі амэрыканцам: “Мы лічым, што ў адносінах да нас дапушчана несправядлівасьць”.

Наш камэнтар: Вось як — “Врош — не вазьмёш!” Лубянская манэра выкручваньня ад адказнасьці пасьля правалу спэцапэрацыі падобная на манэры вулічнай шпаны, якую прыхапілі на месцы злачынства. Гэта яшчэ што. Стала вядома, што нядаўна жонка (ці дакладней — былая жонка) Коўтуна падала ў суд на паліцыю Гамбурга. Яна абвінавачвае палісмэнаў у тым, што яны праводзілі ператрус у ейнай кватэры і пашкодзілі ейную маёмасьць. Вядома, што чэкіст Коўтун па дарозе ў Лёндан спыняўся ў кватэры гэтай агентурнай “жонкі” (расейка мае нямецкі пашпарт, атабарылася ў Гамбургу) і менавіта там захоўваў (або атрымаў) порцыю сьмяротнага Палёнія-210, якім быў атручаны А. Літвіненка. Трымайся цяпер нямецкая дэмакратыя. Паглядзім, чым будуць крыць эўрапейцы краплёныя карты нахабных гэбоўскіх шулераў.

Юрка Марозаў