ПАМЯЦІ ВАСІЛЯ ШАЛАДОНАВА
У рэдакцыю газэты “Народная воля”
У інтэрвію для “Народнай волі” з нагоды сьмерці Васіля Шаладонава былы Старшыня ВС 12-гаскліканьня Станіслаў Шушкевіч сказаў, што пра нябожчыка — альбо добра, альбо нічога. Я ня памятаю, каб на сэсіях за часамі свайго старшынства Шушкевіч спрачаўся са сваім намесьнікам Шаладонавым — але я, як і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, спрачаўся з Васілём Іванавічам дзесяткі, калі ня сотні разоў. І спрачаўся часам на мяжы “парляманцкіх выразаў”. Больш за тое — у жніўні 91-ага разам з Пазьняком мы прыйшлі да яго ў кабінет і патрабавалі адстаўкі за пазыцыю пад час путчу 19 жніўня 1991-ага.
Але, не пасьпеўшы сказаць перад пахаваньнем, хацеў бы ўсё ж цяпер сказаць пра Васіля Іванавіча Шаладонава — добрае.
Мы мелі зусім ня блізкія, часьцей — дыямэтральныя пазыцыі з Васілём Іванавічам па шмат якіх палітычных пытаньнях. Але Шаладонаў, займаючы трэцюю — чацьвёртую пасаду ў краіне, ня быў з тых, хто перакручваў палітыку “пад сябе”. Васіль Іванавіч рабіў памылкі, і часам ведльмі сур'ёзныя памылкі, але я не магу прыгадаць, каб ён рабіў подласьці. Прыйшоўшы ў палітыку амаль двацаць гадоў таму, я магу засьведчыць, што ня быць у палітыцы нягоднікам — гэта зусім нямала.
Два гады Шаладноаў быў намесьнікам Старшыні Вярхоўнага Савета — і не самым горшым з намесьнікаў. А за часамі Шушкевічам — дык, магчыма, і лепшым. У тым сэнсе, што найбольш дэмакратычным — калі гэты тэрмін можна прыкласьці да віцэ-спікера, якога абіраў Вярхоўны Савет, дзе Апазыцыя БНФ складала толкі 8 адсоткаў.
У гады, калі намэнклятура камуністычная і “маладыя ваўкі” Лукашэнкі распачалі наступ на толькі што адноўленую беларускую незалежнасьць, — Шаладноаў выявіў сябе прыхільнікам беларускай дзяржаўнасьці і стаяў на пазыцыях сувэрэнітэту.
Пад час свайго віцэ-спікерства Шаладонаў карыстаўся дзяржаўнай беларускай мовай (у цяперашнім “парляманце” беларуская мова не гучыць зусім).
Акрамя гэтага, асабіста для мяне Васіль Шаладонаў — генэральны пракурор, які ўзбудзіў крымінальную справу па факце зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года па загаду Лукашэнкі спецпадразьдзяленьнем КДБ “Альфа”. У тых умовах, калі адміністрацыя прэзыдэнта на чале зь Сініцыным хавала сьведчаньні злачынства, сьледства зрабіла даволі шмат. Дарэчы, ужо раніцай 12 красавіка Генэральнага пракурора — як і дэпутатаў Апазыцыі БНФ — міліцыя і ахова прэзыдэнта адштурхоўвала, не пускала ў будынак парляманту. У дэмакратычнай краіне пасьля такога на наступны дзень прэзыдэнт разьвітаўся б з палітычнай карьерай і пайшоў бы пад суд. Але ў Беларусі — у адстаўку быў адпраўлены Шаладонаў, бо ён спрыяў сьледству, якое адназначна пацьвердзіла факт зьбіцьця дэпутатаў і было ўжо на шляху да раскрыцьця імёнаў араганізатараў і выканаўцаў злачынства.
І, нарэшце — галоўнае. Бясспрэчна, што для беларускай гісторыі ён застанеца чалавекам, які ў ліку іншых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня прымаў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце 27 ліпеня 1990 году і галасававаў за аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году. У цяперашняй Беларусі гэта нічога ня варта. Для народаў, якія ўсьведамляюць сябе нацыяй, вышэйшай палітычнай заслугі быць папросту ня можа. Калі Бог на Вышэйшым судзе бярэ ў разьлік і палітычныя ўчынкі — за гэта Васілю Іванавічу шмат што даруецца.
Мне казалі, што на пахаваньні Шаладонава былі дэпутаты нашай кадэнцыі, але не было лідэраў цяперашняй “абяднанай апазыцыі”. Калі гэта так — лёс Беларусі асабіста мне бачыцца незайздросным.
Зямла табе пухам, Васіль Іванавіч.
Сяргей Навумчык, Прага.