КАМЭДЫЯ — АГЕНТУРА ЗГАРЭЛА І “ЗА КАРДОН ІХ НЕ ПУСЬЦІЛІ”

Радыё Свабода падало інфармацыю, якую мы тут зьмяшчаем без камэнтароў. “В. Фралоў і С. Скрабец зьбіраюцца правесьці мітынг пад прарасейскімі лёзунгамі. Яны зьвярнуліся ў Менскі гарвыканкам з просьбай дазволіць 2 красавіка, у гэтак званы “Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі”, шэсьце й сьвяточны канцэрт. Паводле заяўкі, у акцыі будуць браць удзел 30 тысяч чалавек.

С. Скрабец: “Ці мы разам з Расеяй, ці не?”

Сяргей Скрабец у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што акцыя задумана як своеасаблівы пратэст супраць цяперашняй афіцыйнай палітыкі, якую ён лічыць антырасейскай:

“Мы не разумеем і не падтрымліваем такую палітыку. І трэба ж зразумець — ці мы разам з Расеяй, ці не?”

Былы дэпутат таксама паведаміў, што на акцыю будуць запрошаныя прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, дэпутаты Дзярждумы, іншыя вядомыя расейскія палітыкі. Дзеля яе падрыхтоўкі створаны штаб, які ўзначаліў генэрал Фралоў.

На пытаньне, як адрэагавалі ў сталічным гарвыканкаме на прапанову, спадар Скрабец адказаў:

“Там ёсьць такая скрыня паштовая, куды мы і апусьцілі сваю заяўку. Бо за міліцэйскі кардон нас не пусьцілі”.

(Радыё Свабода)