ЦЕМРАШАЛЬСКАЯ ВЫСТАВА

Рэжымны афіцыёз паведамляе пра разгортваньне ў Гомлі выставаў, прысьвечаных 125-м угодкам Якуба Коласа. Што гэта такое, можна ўбачыць у мясцовым краязнаўчым музэі. Цяпер, што праўда, музэй называецца “Палац Румянцавых и Паскевічаў”. Некалькі кніжак і часопісаў “в честь 125-летія Колоса” правінцыйныя музэйшчыкі выставілі ў цёмным закутку на ўскрайку вялікай сталай экспазіцыі, прысьвечанай расейскім акупантам Беларусі 18-19 стагоддзяў. Бяздушная экспо “о Колосе” (зразумела ж, на акупанцкай мове) зусім губляецца пасярод цемрашальскага культу асобаў зьнішчальнікаў ВКЛ і свабоды іншых народаў. Губляюцца і нямногія карціны таленавітых гомельскіх пейзажыстаў. Пануе крыклівая імпэрская фэадальная рэакцыя. Там, дзе пры саветах віселі “передовікі” і экспанаты пра “кулакоў і калектывізацыю”, Ленін ды Маркс-Энгельс, цяпер разгарнуўся ненармальны панэгірык царскай імпэрыі. У адноўленых інтэр'ерах стылю клясіцызм выстаўлены зброя і карціны, дакумэнты і прадметы “эпохі благородных Румянцевых і Паскевічей”. Сярод карцінак ёсьць сюжэты аб штурме Варшавы расейскімі акупантамі пад камандай Паскевіча ў 1831 г. (“подавленіе польского восстанія”, паводле экспазіцыянэраў), разгром войскамі Паскевіча Угорскай рэвалюцыі 1848-49 гг. І аніслова пра Беларусь і беларусаў.

На цэнтральным месцы ўзвышаецца нешта падобнае на алтар. У якасьці “сьвятыні” цяпер не Ленін з Марксам. З вялікіх партрэтаў глядзяць Паскевіч, Мікалай І (Ніколай Палкін, як яго называлі сучасьнікі нават у Расеі) і Мікалай ІІ (Ніколка Кровавый, апошні цар Расеі). Такі цяпер ідэал правінцыйных цемрашалаў-русіфікатараў. Толькі зразумела, што не самы яны дадумаліся да гэтага манархічнага маразму. Яны толькі няўклюдна выканалі антыбеларускую канцэпцыю, якая “паступіла з цэнтру”. Нават на тэрыторыі цяперашняй РФ не паўсюль убачыш такі трыюмф царскага рэжыму. Адзіная мэта русіфікатараў, фальсіфікатараў беларускай гісторыі — пераканаць беларусаў у “благородном вліяніі царізма” і “высокай культуры русскості”. Як жа лёгка яны разьвіталіся з “калектывізацыяй” і Леніным. Ім усяроўна, каго славіць — абы гэта быў расейскі акупант, “освободитель Белоруссии от этих белоруссов”. Трэба прызнаць, што Гомля зьяўляецца адным з галоўных цэнтраў разбуральнай і дзікай русіфікацыі. Толькі ня выратуюцца беларусажэрцы паскевічамі ды царамі. Настане час, і згіне акупанцкая цемра над Сожам.

Янка Базыль