ШАБАС КАШЧУНСТВА

Псэўдаапазыцыйны шабас набірае абароты. На платах і сьценах сталіцы апошнімі днямі нехта расклейвае налепкі пра “день едінства 25 марта”. На некаторых з налепак паказаны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг побач са шматай БССР-РБ. Геральдычны абсурд мае на мэце поўную дэзарыентацыю беларусаў. Псэўдаапазыцыянэры на працягу гадоў лезьлі да людзей з “новай нацынальнай сымволікай”. То з “бусьлікамі” замест Пагоні, то з джынсовымі порткамі на дручку. Апошнім часам яны “уводзяць у моду” белы колер “сопротівленія діктатуре”. І вось глыбакадумныя геральдысты з Лубянкі падкінулі ім новую тэму: “народное едінство с антінародным режімом”.

Ёсьць яшчэ адзін варыянт псэўдаапазыцыйных налепак. У гэтым варыянце — Мілінкевіч з пасіянарна разьзяўленым ротам. А зьлева пад заклікам да “едінства” рэтранслююцца ягоныя заклікі: “вместе с властью нам нужно начать обновление...” і г.д. Ну, з Мілінкевічам ужо даўно ўсё зразумела. Яго самы псэўдаапазыцыянэры маюць намер у бліжэйшы час вытурыць са сваёй тусоўкі. Але вось 12 сакавіка кантора нечакана спаліла двух сваіх даволі даўніх агентаў. Памятаеце “беларускага Дэ Голя” (як яго назваў адзін жывы клясік) расейскага генэрала В. Фралова? А пана спарцмэна-“галадоўшчыка” С. Скрабца памятаеце? Апошні нядаўна абвясьціў нават, што пачынае ствараць новую патрыятычную арганізацыю беларускай моладзі. Цяпер стала зразумелым, куды зьбіраецца павесьці нашу моладзь гэты поп-гапон. Фралоў і Скрабец заявілі, што заклікаюць насельніцтва ісьці на дэманстрацыю пратэсту 2 красавіка сёлета, цытуем: “в день об'едіненія народов Беларусі і Россіі”. А пратэставаць яны зьбіраюцца на тэму “халоднай вайны” беларускага кіраўніцтва супраць Расеі. На сваё мітынг-шэсьце яны запрашаюць лічно товарішча Путіна. Мяркуюць сабраць да 30 тысячаў асобаў. Адным словам, спасай Расею!

Радыё Свабода, як заўсёды, паведаміла пра гэты дэмарш падстаўных псэўдаапазыцыянэраў на поўным сур'ёзе, без беларускіх камэнтароў. Так жа сама “Свабодка” і “Нар. Воля” на працягу гадоў давалі рэкляму абодвум гэтым лубянскім правакатарам ды іншым скрабцам і фраловым. Якая ўсё ж такі марнота.

Янка Базыль